Творчая сустрэча Алены Бельскай


Творчая сустрэча Алены Бельскай

03.11.2025                                                          Новости


У сталічнай бібліятэцы №22 у літаратурным праекце “Шчырасць” прайшла творчая сустрэча і прэзентацыя зборніка паэзіі “Примерила счастье” Алены Бельскай.

Сярод ганаровых гасцей ‒ паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, літаратурны крытык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат шматлікіх літаратурных прэмій, галоўны рэдактар часопіса "Новая Немига литературная" Анатоль Аўруцін; артыстка эстрады, актрыса тэатра і кіно, салістка фальклорнага ансамбля танца "Эребуни", сцэнарыст, дэкламатар і вядучая рознатэматычных культурных праграм, мастацкі кіраўнік Мінскага гарадскога тэатра паэзіі пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі Вольга Багушыньска і інш.

Прадставіў аўтара паэт, празаік, літаратуразнаўца, перакладчык, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і кіраўнік аб’яднання “Шчырасць” Міхась Пазнякоў.

Алена Бельская ‒ паэтка, а з чэрвеня 2025 года ‒ член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат літаратурных конкурсаў, друкавалася ў рускамоўным літаратурна-мастацкім і грамадска-палітычным часопісе Саюза пісьменнікаў Беларусі “Нёман”, у літаратурна-мастацкім часопісе "Новая Немига литературная", у літаратурна-мастацкім альманаху "Зорная Крыніца", у газеце "Звязда", на электронных парталах Расіі. На яе вершы напісаны дзясяткі песень. Супрацоўнічае з замежнымі кампазітарамі і выканаўцамі.

Алена нарадзілася ў г. Маладзечне. Пачала пісаць вершы яшчэ ў старшых класах. Першая вышэйшая адукацыя ВДТУ (Віцебскі Дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт) па спецыяльнасці інжынер-тэхнолаг швейнай вытворчасці. Другая ‒ Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (эканаміст-менеджэр). Шчаслівая маці траіх сыноў, а зараз яшчэ і бабуля.

Аўтар прадставіла чытачам бібліятэкі свой зборнік паэзіі «Примерила счастье» (2024 г.). Кніга складаецца з чатырох тэматычных раздзелаў, у кожным – разважанні пра каханне і вернасць, дабро і зло, пяшчоту і здраду, страсць і адчай. Гэта яе пяты зборнік вершаў, раней аўтарка друкавалася пад псеўданімам Алёна Аляксандрава "Ветер мгновений" (2015г.), "Лунные кружева" (2016г.), "Мотылек на ладони" (2017г.), "Любви моей сюита" (2019г.). Ёсць яшчэ адзін літаратурны псеўданім ‒ Брынг Бай Зе Вінд.

Як прызналася аўтарка: «Доўгі час лічыла, што вершы ‒ маё хобі. Аказалася ‒ гэта маё жыццё». Вершы поўныя пачуццяў, перажыванняў і мудрасці ў дэкламацыі Алены Бельскай і Вольгі Багушыньскай нікога не пакінулі абыякавымі, а добрае музычнае выкананне і зусім стварылі неверагодную атмасферу. Прагучала песня на вершы паэткі «Эта женщина Безумие моё» у выкананні кампазітара Віктара Ортмана (Расія). А яшчэ ўсе з вялікай цікавасцю паглядзелі відэаролік з сацсетак, дзе вядомы вядучы расійскага тэлебачання Уладзімір Глазуноў дэкламуе вершы паэткі.


Загадчык бібліятэкі Каржанеўская А.М.
Фота Кулікоў В.В, Матвеева А.В.

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси