Сугучнасць


Сугучнасць

31.10.2025                                                          Новости


Пад такой назвай прайшла чарговая імпрэза ў Мінскім гарадскім тэатры паэзіі, які працуе пры Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы.

Мерапрыемства было прысвечана творчасці члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэсе Марыне Наследнікавай. Адкрыў і правёў творчую вечарыну старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхась Пазнякоў. Ён паведаў слухачам, што з"яўляецца літаратурным настаўнікам Марыны, ведае і падтрымлівае яе яшчэ з таго часу, калі яна жыла ў Петрыкаве і вучылася ў сёмым класе.

Яшчэ тады знакаміты пісьменнік адчуў, што ў літаратуру ідзе адораная дзяўчынка. І гэта пацвердзілася ў наступныя гады. Марына закончыла філфак БДУ, актыўна друкавалася, стала лаўрэатам шэрагу  рэспубліканскіх паэтычных конкурсаў, атрымала стыпендыю спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У серыі МГА СПБ "Мінскія маладыя галасы" выйшла яе першая паэтычная кніга. Стала членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Актыўна ўдзельнічае ў грамадскай працы, піша новыя выдатныя творы.

Марына Валянцінаўна прачытала ранейшыя і новыя вершы, адказала на шматлікія пытанні слухачоў. У перапынках паміж чытаннем вершаў гучала музыка ў выкананні маладога скрыпача-віртуоза Ціхана Шнякава, выпускніка Мінскага музычнага каледжа імя М. Глінкі. Музыка ў яго выдатным выкананні выдатна спалучалася з вершамі Марына, дапаўняла іх, радуючы сугучнасцю.

Варта зазначыць, што паэтэса Марына Наследнікава — жонка святара Аляксея Наследнікава, які таксама прысутнічаў на імпрэзе разам з іх дачушкамі — Ангелінай і Серафімай. Айцец Аляксей таксама прачытаў свой верш, прысвечаны жонцы — матушцы Марыне. Супрацоўнікі бібліятэкі наладзілі выстаўку твораў паэтэсы.

 

 

Павел Кузьміч

Фота аўтара.

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси