30.10.2025 Новости
У публічнай бібліятэцы № 5 г. Мінска сабраліся сяброўкі Клуба творчых жанчын "Спадарыня", каб распачаць 11-ы сезон сваіх сустрэч.
Пасяджэнне праходзіла ў свята, Дзень бацькі. З гэтай нагоды спадарыні і запрасілі на сваё пасяджэнне ганаровага госця – Навума Гальпяровіча, вядомага паэта, пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Рспублікі Беларусь, заслужанага журналіста БСЖ, члена праўлення Беларускага фонду культуры, ганаровага грамадзяніна горада Наваполацка. А яшчэ Навум Якаўлевіч – шчаслівы муж, бацька, дзядуля.

Сёлета пабачыла свет новая кніга пісьменніка "Чырвоны мост", якая выйшла ў выдавецтве "Мастацкая літаратура". Жанр кнігі пазначаны аўтарам, як раман-эсэ. І гэты раман – аўтабіяграфічны. Раман-эсэ складаюць празаічная паэма лёсу "Вось і я!..." і дваццаць пяць аўтабіяграфічных апавяданняў. У даважак – нізка вершаў, якія, як у кожнага паэта, заўсёды, лічы, аўтабіяграфічныя.
У анатацыі да кнігі напісана: "Твор напоўнены шчымлівым лірызмам, тонкім гумарам, светлай самотай. Гэта своеасаблівая споведзь, лірычны дзённік аднаго з сучаснікаў, чалавека з багатай і цікавай біяграфіяй". Сапраўды, тыя са спадарынь, якія прачыталі раман-эсэ, пацвердзілі, што кніга вельмі шчырая і кранальная, некаторыя яе старонкі настолькі шчымлівыя, што выклікаюць слёзы. І, галоўнае, чытачам ад гэтай споведзі цяжка адарвацца. Асабліва ўражваюць тыя апавяданні, якія аўтар прысвяціў маці, бацьку, сястры, бабулі, сябрам юнацтва, гульням дзяцінства...

Таму і ўзнікла тэма для размовы на пасяджэнні клуба – "Кніга майго жыцця, або Як напісаць аўтабіяграфічную кнігу так, каб яна была цікавая для ўсіх". Спадарыні папрасілі майстра сучаснай беларускай літаратуры правесці своеасаблівы майстар-клас.


Сустрэча з Навумам Гальпяровічам атрымалася вельмі цікавая. Яна прайшла ў форме інтэрв'ю, падчас якога пытанне госцю магла задаць кожная сяброўка клуба. Творчыя жанчыны цікавіліся ў Навума Якаўлевіча, калі быў напісаны самы першы аўтабіяграфічны твор, якія кнігі ў дзяцінстве паўплывалі на яго характар і зацікавілі гісторыяй роднага Полацка, ці былі заўвагі, крыўды, прэтэнзіі з боку родных і знаёмых, калі яны раптам пазнавалі сябе ў героях апавяданняў, як драматычныя сітуацыі жыцця, апісаныя ў рамане–эсэ, бачацца сёння, з вышыні пражытых гадоў і назапашанага досведу, ці сачыняюцца новыя аўтабіяграфічныя творы і ўвогуле ці можна скончыць пісаць кнігу свайго жыцця?..
Госць клуба адказваў на ўсе пытанні амаль дзве гадзіны, шчыра і падрабязна. А потым ужо спадарыні прадставілі госцю ўласныя аўтабіяграфічныя творы, пачыталі вершы, апавяданні і нават паспявалі песні...
Тамара Бунта, кіраўнік Клуба творчых жанчын "Спадарыня".
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


