Размова аб сям"і і бацькоўскай любові


Размова аб сям

23.10.2025                                                          Новости


У сталічнай бібліятэцы нумар 1 імя Л. М. Талстога адбылася вельмі цікавая творчая сустрэча з вядомым пісьменнікам, заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь Міхасём Пазняковым. Прысвячалася яна Тыдню бацькоўскай любові. На сустрэчу са знакамітым творцам бібліятэка запрасіла будучых медсясцёр, навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа, нядаўніх школьніц, якія знаёміліся з творчасцю гэтага праграмнага пісьменніка з першага па адзінаццаты клас.

Міхась Паўлавіч не прамінуў зазначыць слухачам, што яны ‒  медыкі — адметныя, ганаровыя людзі, што і яго дачка ў свой час закончыла іх каледж. І цяпер паспяхова працуе ў Рэспубліканскай бальніцы.

Пісьменнік расказаў пра сваіх мужных і працавітых бацькоў, якія нарадзілі і выхавалі адзінаццаць дзяцей. Пра  шчырасць, сяброўства, працавітасць сям"і, любоў да кнігі, вучобы, да людзей, да Радзімы. Падзяліўся бацькоўскім вопытам, прынцыпамі выхавання сваіх дзяцей у сям"і, дзе галоўнымі былі шчырасць, даверлівасць,  імкненне не чытаць натацыі, а паказваць ва ўсім лепшы прыклад. Дзе выхаванне ішло праз сумеснае чытанне кніг, сумесную працу і сумесныя гульні, праз сямейныя паходы, паездкі, наведванні тэатраў, мастацкіх выставак, канцэртаў і г. д. Праз далучэнне да пастаяннай пасільнай працы. "Галоўнае ў выхаванні дзяцей — быць часцей з імі, разумець іх, правільна і ўмела арыентаваць іх у складаныя моманты, быць для іх ва ўсім добрым прыкладам" ‒ зазначыў пісьменнік.

Прысутныя з вялікай увагай паслухалі песню "Матуля" на вершы Міхася Пазнякова, якую ў свой час напісаў і выканаў знакаміты кампазітар Алег Елісеенкаў.

Вершы паэта пра маці і тату, родны дом, сям"ю закранулі сэрцы дзяўчат, будучых мацярок. Міхась Паўлавіч тонка і ўмела вёў размову, тактоўна даваў слушныя парады, як стварыць прыгожую і шчаслівую сям"ю. Ён адказаў на пытанні слухачоў і завяршыў творчую сустрэчу падказкай: "Штодня, заўсёды абдымайце і цалуйце маму і тату, бабулю і дзядулю, кажыце ім цёплыя, удзячныя словы, імкніцеся разумець іх нават тады, калі яны робяць вам заўвагі, павучаюць. Бацькі, як умеюць, аберагаюць вас, клапоцяцца пра вас, жадаюць, каб вы былі шчаслівыя".

Безумоўна, у сэрцы кожнай слухачкі на ўсё жыццё пасля такой творчай сустрэчы застанецца штосьці добрае, светлае, святое.

 

Павел КУЗЬМІЧ

Фота аўтара

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси