20.10.2025 Новости
У нас, беларусаў, ёсць выдатная рыса – мы адкрытыя, і ўваходзім у гэты свет са шчырымі сэрцамі, адкрытымі насустрач знаёмым і незнаёмым людзям. Мы – разам: у гарадах і паселішчах, у вёсках. Гэта – наша жыццё, напоўненае непаўторным каларытам народных традыцый і звычак, адлюстраваных у характарах людзей.
Пра гэта гаварылася на юбілейнай творчай вечарыне пісьменніцы, паэта публіцыста Ірыны Тулупавай, наладжанай у фармаце Тэатра паэзіі. Як вядома, тэатр працуе на базе Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы і арганізуецца Мінскім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Удзел у імпрэзе ўзялі старшыня МГА СПБ, дырэктар Тэатра паэзіі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхась Пазнякоў, мастацкі кіраўнік Тэатра паэзіі Вольга Багушыньска, пісьменніца, кіраўнік клуба “Спадарыня” Тамара Бунта, дырэктар выдавецтва “Чатыры чвэрці” Ліліяна Анцух, пісьменніцы Аліна Легастаева, Лізавета Палеес, спявак Аляксандр Валодчанка, артысты Ганна Красоўская і Аляксандр Крапіневіч ды іншыя творцы.
Сустрэча праходзіла 14 кастрычніка, калі ў Беларусі святкуюцца Дзень Маці і Пакровы. На гэтым і былі зробленыя асноўныя акцэнты. Гучалі вершы і песні, прысвечаныя нашым дарагім матулям, праходзілі розыгрышы, у якіх слухачы паказвалі сваё веданне народнага календара, і вядома ж, было шмат віншаванняў. Таму што нашы мамы – найпрыгажэйшыя. Менавіта яны – сапраўдныя носьбіты культуры, з іх клопатам і апякунствам вырастаюць пакаленні нашых наступнікаў.
Ну а юбіляр Ірына Тулупава атрымала граматы Саюза пісьменнікаў Беларусі і Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, шмат падарункаў і кветак ад сяброў.
Рыта Стах ( Ірына Тулупава)
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


