Залежнасць ад захаплення


Залежнасць ад захаплення

07.11.2016        Культура


Сёлета ў самым цэнтры Мінска адкрылася новая арт-галерэя «Прадмесце». Яе дырэктар Мікалай Сячко на працягу многіх гадоў займаецца калекцыянаваннем жывапісу і антыкварыяту. Акрамя часовых выставак сучасных беларускіх мастакоў, у галерэі ёсць і пастаянная экспазіцыя, дзе дэманструецца каля трохсот твораў знакамітых беларускіх аўтараў, прадметы антыкварыяту. Экспанаты, дарэчы, можна і набыць. Дызайн памяшканняў галерэі адразу дае зразумець, што на падрыхтоўку выставачнай пляцоўкі пайшло шмат намаганняў. Толькі пераступаеш парог і адчуваеш, што патрапіў у іншае стагоддзе, дзе пануюць раскоша і вытанчанасць.

Не заўсёды калекцыянеры жадаюць паказваць, якімі шэдэўрамі валодаюць, і не з ахвотай распавядаюць, дзе набываюць жывапіс альбо іншыя рэчы. Мікалай Сячко, наадварот, падзяліўся з карэспандэнтам «ЛіМа», якой канцэпцыі прытрымліваецца галерэя «Прадмесце», што трэба рабіць, каб удала набываць мастацкія творы, антыкварныя рэчы, і ці можа ў Беларусі захапленне калекцыянера перарасці ў бізнес.

Мікалай, існуе меркаванне, што ў Беларусі дастаткова мала калекцыянераў, якія зацікаўленыя ў тым, каб прадстаўляць свае калекцыі шырокаму колу, арганізоўваць асобныя выстаўкі. З чым звязана адсутнасць жадання выстаўляць свае калекцыйныя творы ў іншых збіральнікаў жывапісу?

— Тут, магчыма, справа не ў жаданні. Калі маеш калекцыю, трэба прапагандаваць яе, і, чаго хаваць, рэалізоўваць, што значыць прадаваць. Для гэтага патрэбна памяшканне, а памяшканне каштуе дорага. Не кожны можа сабе гэта дазволіць. А ў прынцыпе ў Беларусі калекцыянераў досыць шмат. У нас жа ёсць клуб калекцыянераў «Пошук». Ён існуе яшчэ з савецкіх часоў. Але ў яго ў асноўным уваходзяць людзі, якія збіраюць манеткі і маркі і могуць займацца гэтым хоць трыццаць гадоў і не выходзіць на іншы, больш прафесійны, узровень. Іх за гэта, дарэчы, нельга асудзіць — трэба разумець, што гэта стан душы. Ёсць калекцыянеры жывапісу, якія па некаторых прычынах не могуць выстаўляць свае калекцыі, а ёсць тыя, хто наогул не жадае гэтага рабіць. 

Збіральніцтва, калекцыянаванне жывапісу і прадметаў антыкварыяту — гэта не толькі дарагая, але і адказная справа. Важна, каб чалавек быў падрыхтаваны. Любы калекцыянер з чагосьці пачынае. Бывае ж, што ў цябе шмат грошай, але няма падрыхтоўкі, развіцця: ты можаш набыць творы, якія каштоўнасці зусім не ўяўляюць. Калі ты не трапіў да прыстойнага антыквара альбо галерэйшчыка, які можа параіць, што купляць у калекцыю, што — на падарунак, то можна проста памыліцца.

У цэлым тое, што збіраецца на пачатку захаплення, наўрад ці калі-небудзь стане калекцыйным матэрыялам, бо калекцыйны аб’ект, у маім разуменні, — гэта шэдэўр. А шэдэўр можна знайсці толькі адзін ці два сярод вялікай колькасці работ, тут патрэбны досвед.

Калі вырашылі адкрыць галерэю, вы прадумвалі яе канцэпцыю? Альбо канцэпцыя менавіта ў тым, каб прадаваць мастацтва?

Не ведаю, ці можна гэта назваць канцэпцыяй альбо не, але мне б хацелася прапагандаваць мастацтва савецкай эпохі. Чаму менавіта савецкай? Так склаліся абставіны, што я вельмі люблю нашу гісторыю. Ды і ўвогуле, напрыклад, рускі жывапіс царскага перыяду даступны для вельмі вузкага кола, бо ён каштуе шалёных грошай. А сацыялістычны рэалізм прымальны па цане і даступны больш шырокай публіцы.

Мне падабаюцца прыгожыя сюжэты, люблю пейзаж, нацюрморт, толькі да партрэта не дарос. Яшчэ люблю прадметы даўніны. Гэта таксама стан душы. Мне падабаецца, калі антыкварыят узаемадзейнічае паміж сабой толькі ў малой колькасці. Калі ў адной прасторы шмат антыкварных рэчаў, яны губляюць вытанчанасць. Калі іх некалькі, то пачынаюць гуляць іншымі фарбамі. Гэта ж таксама экспазіцыя.

— Як прыйшлі да калекцыянавання? Магчыма, гэта сямейная традыцыя?

Не, гэта хобі, якім я захапляюся з ранняга дзяцінства. Я вырас у вёсцы і да школы збіраў абгорткі ад цукерак, далей былі іншыя рэчы. Магу сказаць дакладна, што калекцыянаванне — у крыві. Трэба нарадзіцца з маніяй збіраць. Яно альбо ёсць, альбо няма — іншых варыянтаў не знойдзеш. Часам калекцыянаванне трактуюць як хваробу, як цягу, залежнасць. Чалавек, які сапраўды захоплены збіральніцтвам, раскажа вам столькі пра сваю калекцыю, колькі вы не прачытаеце ні ў адной кнізе.

Калекцыянеры —людзі захопленыя. Яны падобныя да мастакоў: адзін будзе гаварыць шмат, другога трэба на размову выводзіць, а трэці — вельмі таленавіты і ведае шмат, але сказаць пра сябе нічога не можа.

— У вашай галерэі прадстаўлена мноства работ знакамітых беларускіх мастакоў, такіх як Павел Масленнікаў, Міхась Рагалевіч, Леанід Шчамялёў і іншыя. Па якім прынцыпе вы набывалі гэтыя мастацкія творы: эпоха, аўтар, сюжэт?

— Справа ў тым, што калі я набываў гэтыя работы, яны не былі такімі вядомымі і не мелі той каштоўнасці, якую ўяўляюць цяпер. Тады гэтыя карціны былі даступнымі. Сёння, канечне, здаецца, што яны каштуюць дорага, але гэта не так. Для кожнага шэдэўра свая цана, і за цану, якую хоча за яе калекцыянер, працу прадаць практычна немагчыма. Але бывае, што калекцыянер нікуды не спяшаецца, не імкнецца хутка атрымаць за твор кругленькую суму, тады ў выніку прадае работу па значна большай цане.

У маім выпадку, калі я набываю мастацкія творы, не працуе мастацкая вартасць, не працуюць коштавыя крытэрыі і вядомасць мастака. Набываю работы па прынцыпе: падабаецца — не падабаецца. Мне цікава купляць работы на вернісажах. Вядома, каб набываць якасны жывапіс, трэба набрацца досведу, пахадзіць па выстаўках, купіць нават нешта няўдалае. У любым выпадку тое, што купіў, потым табе перастане падабацца. І гэта залежыць не ад моды, не ад змены густу, проста адбываецца прывыканне да мастацкіх твораў, і ты пачынаеш шукаць нешта новае. А праз пэўны час зноў паглядзіш на тую работу і ў чарговы раз пачынаеш захапляцца ёй.

— Ці можна казаць пра тое, што ў калекцыянаванні важную ролю адыгрывае шанцаванне?

— Шанцаванне — важная якасць для калекцыянера. Бо купіць твор дваццаць гадоў таму і ў выніку атрымаць шэдэўр — сапраўды поспех. Але і тут не ўсё проста: бывае, што ў вельмі вялікай калекцыі, якая збіралася на працягу многіх гадоў, шэдэўрамі становяцца пяць альбо сем работ, і гэта ўжо добра. Гэта выпадак, калі ты назбіраў велізарную колькасць рэчаў, а пасля разумееш, што з іх толькі некалькі годныя, тады пачынаеш будаваць калекцыю інакш.

Да адкрыцця галерэі вы не выстаўлялі свае работы. Чаму зараз вырашылі ўсё ж такі выставіць калекцыю?

У маім выпадку гэта жаданне прапагандаваць беларускае мастацтва савецкага перыяду. Вельмі хочацца паказаць народу, што ў нашай краіне было шмат мастакоў, якія падарылі нам неверагодную спадчыну, якія малявалі на ўзроўні сусветным. Многія з тых мастакоў маюць свой почырк, вядомыя ўнікальнымі рысамі. У нашым Нацыянальным мастацкім музеі ёсць велізарная калекцыя работ савецкага перыяду, але ў залах іх прадстаўлена вельмі мала. А гэта няправільна, гэта праблема, бо важна, каб людзі бачылі сваю гісторыю, бачылі і аналізавалі розныя перыяды мастацтва.

— Як вы ставіцеся да сучаснага маладога мастацтва? Наколькі яно актуальнае і цікавае для вас як калекцыянера?

— Сёння дастаткова часта ў сацсетках, на розных інтэрнэт-парталах рэкламуюць масавае мастацтва офіснага плана або, як яго называю я, шпалеры. І гэта мае права быць. Якраз маладое мастацтва можа быць падставай для развіцця калекцыянера: каб адысці ад шпалер і прыйсці да нечага большага, трэба абавязкова іх купіць, з чагосьці пачаць.

Але судзіць маладое мастацтва складана. Бо Вінцэнт Ван Гог пры жыцці прадаў толькі адну работу, а зараз для ўсіх ён у мастацтве мэтр. Так часта адбываецца і сёння, калі мастак рана пачаў прадавацца, то пасля яму складана чагосьці дасягнуць. А вось калі мастак доўгі час галодны, тады ён імкнецца працаваць, шукаць індывідуальнасць.

Першапачаткова жывапіс не накіраваны на масавага гледача. Але зноў жа парадокс: сучасная сітуацыя дастаткова часта падводзіць да таго, каб жывапіс усё ж такі станавіўся масавым. Гэта здараецца нават з вядомымі мастакамі. На маім шляху сустракаліся аўтары, якія запэўнівалі, што ніколі не будуць пісаць паўтораў, не будуць развіваць масавыя тэмы, але жыццё накладвае адбіткі. У мяне бывае адчуванне, калі гляджу на сучасны жывапіс, што ўсё гэта дзесьці бачыў. На жаль, для мяне такое мастацтва не з’яўляецца адкрыццём.

— Ці атрымліваецца ў вас будаваць бізнес на калекцыянаванні?

— Не, не атрымліваецца. Гадоў праз дзесяць я, можа, і змагу сказаць, што для мяне гэта бізнес, а пакуль — толькі задавальненне.

А ў цэлым бізнес у калекцыянераў будуецца так: купляецца вялікая колькасць твораў у пэўнага мастака, робіцца публікацыя ў кніжцы, а потым калекцыя прадаецца. А ёсць людзі, якія сапраўды купляюць працы для душы: і не толькі для сябе, але і для дзяцей, унукаў, праўнукаў. Але на гэта трэба мець грошы і ўсведамленне таго, што набываеш.

— Ці існуе ў Беларусі ўзаемадзеянне паміж калекцыянерамі?

— На жаль, практычна не існуе. Такія адносіны складваюцца зрэдку. У нас няшмат захопленых людзей. Справа ў тым, што пасля развалу Савецкага Саюза мноства знакавых і важных твораў мастацтва засталіся на тэрыторыі Масквы ці Санкт-Пецярбурга, вось там, вядома, і сфармавалася вялікае кола калекцыянераў, якія пастаянна ўзаемадзейнічаюць.

Калекцыянаванне, з аднаго боку, патрабуе велізарных грошаў, а з другога — сувязяў. Асабістыя стасункі сапраўды дапамагаюць. Напрыклад, нам у галерэю працы для экспанавання прадастаўляюць сябры, а таксама прыносяць простыя людзі на камісію, якім, напрыклад, карціна дасталася ў спадчыну.

Вікторыя АСКЕРА

ЛіМ, №44, 2016