Інтэрв’ю з Тамарай Бунта


Інтэрв’ю з Тамарай Бунта

27.09.2018                                            Слово писателю


19 верасня ў нашай літаратурнай студыі “Вобраз” пры СШ №168 г. Мінска прайшла цёплая сустрэча з цудоўным чалавекам, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомым журналістам, дзіцячым пісьменнікам Тамарай Пятроўнай Бунта. Тамара Пятроўна спачатку прэзентавала вучням 3 “А” класа сваю кнігу “Чароўны кошык”, а потым адказала на пытанні членаў літаратурнай студыі. 

Вінакурава Ганна: - Паважаная Тамара Пятроўна, скажыце, калі ласка, калі Вы пачалі пісаць творы для дзяцей?

Тамара Пятроўна: - Творы для дзяцей я пачала пісаць пасля школы. Я не марыла быць пісьменніцай. Я марыла быць артысткай. Але не прайшла нават першы тур у наш тэатральны інстытут. Са школы  добра пісала сачыненні. Пасля школы пачала пісаць невялікія артыкулы ў мясцовую газету, і мне гэта вельмі падабалася. Калі выйшла газета з маім першым артыкулам у дзесяць радочкаў і я прачытала сваё прозвішча… О Божа! І так у мяне з’явілася прага да літаратурнай творчасці.

Ашуйка Вадзім: - Тамара Пятроўна, мы ведаем, што ў кнізе “Чароўны кошык” пятнаццаць апавяданняў. Чаму Вы выбралі для кнігі менавіта такую назву?

Тамара Пятроўна: - Так, у кнізе “Чароўны кошык” пятнаццаць апавяданняў. Дарэчы, і ў маёй першай кніжцы таксама было пятнаццаць апавяданняў. Кажуць, гэта мой фармат. Доўгі час я працавала журналісткай і прывыкла пісаць пэўны памер. Назву кнізе дала назва апавядання “Чароўны кошык”. Гэта апавяданне пра дзяўчынку, якая прыехала да бабулі ў вёску і была ўпэнена, што цудаў не бывае. Аднак з дапамогай бабулі дзяўчынка зразумела, што галоўны цуд – асабістае адкрыццё.

Звяртаю вашу ўвагу на мастацкае афармленне кнігі. Вядомая беларуская мастачка Аксана Аракчэева намалявала тое, што вельмі падабаецца дзецям і яскрава адлюстроўвае змест маіх апавяданняў. 

Атрохава Дзіяна: Шаноўная Тамара Пятроўна, скажыце, калі ласка, хто альбо што натхняе Вас на напісанне апавяданняў для дзяцей?

Тамара Пятроўна: - Гэта па-рознаму бывае. Калі вы творчы чалавек, то ўсюды будзеце бачыць падказкі, ідэі, сюжэты для новага твора. І галаўнае, натхняе  тое, што адбываецца з вамі. Кніга “Дзяўчынка з Вішнёвага завулка” – гэта кніга пра маё дзяцінства. Гісторыі, апісаныя ў кнізе, насамрэч былі ў маім жыцці.

Лявонава Вікторыя: - Мы ведаем, што Вы былі галаўным рэдактарам  часопіса  “Алеся”, які вельмі любілі жанчыны. Адкрыйце, калі ласка, сакрэт, як зрабіць часопіс папулярным. 

Тамара Пятроўна: - Трэба вельмі любіць тое, што робіш.  Дзе б Вы не працавалі, у сваю працу трэба ўкладваць часцінку свайго сэрца.

І яшчэ… Трэба марыць! Калісьці далёка ад роднай старонкі я выпісвала беларускі часопіс “Работніца і сялянка” і вельмі любіла яго чытаць. Гэта была мая сувязь з радзімай. Прайшло шмат гадоў. Я вярнулася ў Беларусь і… стала галоўным рэдактарам часопіса “Работніца і сялянка”, які потым стаў называцца “Алеся”.  Вось так спраўджваюцца мары! 

Гракаў Алесь: - Паважаная Тамара Пятроўна, скажыце, якая асноўная мэта стварэння клуба творчых жанчын “Спадарыня”, старшынёй якога Вы з’яўляецеся?

Тамара Пятроўна: - Ведаеце, я прыйшла да разумнай высновы: знайдзі сваіх і супакойся. У клубе творчых жанчын “Спадарыня” я сваіх і знайшла. Гэта творчыя жанчыны, мастачкі, пісьменнікі, паэты. Гэта цудоўныя людзі, блізкія мне па духу.

Запомніце карысны выраз: хочаш – уяўляеш - ідзеш і дасягаеш. 

Сімакова Лізавета: - Тамара Пятроўна, акрамя пісьменніцкай дзейнасці, якія яшчэ захапленні ў Вас ёсць?

Тамара Пятроўна: - Я вельмі люблю чытаць, падарожнічаць, люблю тэатр, люблю басейн. Люблю адкрываць новае. 

Вінакурава Ганна: - Тамара Пятроўна, скажыце калі ласка, што Вы лічыце галоўным у сваім жыцці?

Тамара Пятроўна: - Калі праўду казаць, на сённяшні дзень я лічу галоўным сваю сям’ю, сваіх дзяцей і ўнукаў. І наогул, лічу, што калі ў чалавека ў сям’і ўсё добра, яму будзе добра паўсюль. Ён будзе добра працаваць. Ён будзе шчаслівы. Таму трэба берагчы сваю сям’ю.

Лявонава Вікторыя: - Паважаная Тамара Пятроўна, што Вы жадаеце нашай літаратурнай студыі “Вобраз”?

Тамара Пятроўна: - Студыі “Вобраз” я жадаю, каб заўсёды была творчая атмасфера, каб вы падпітваліся гэтай атмасферай, каб у вас было жаданне развівацца, каб было творчае спаборніцтва. Пішыце, чытайце! Абмяркоўвайце творы! Ні ў якой прафесіі творчасць не будзе лішняй. Творчы чалавек – ініцыятар! Я вельмі люблю такіх людзей, як вы. Я сама такая была. Самае галоўнае правіла ў жыцці, запомніце: знайсці сваіх і супакоіцца. Сярод аднадумцаў і дыхаецца лягчэй!

Гракаў Алесь: - Дзякуй, паважаная Тамара Пятроўна, за цікавыя адказы! Прыходзьце да нас яшчэ!