Узрушаны палёт


Узрушаны палёт

07.11.2016        Литературная критика


 

Пакуль дэбютны зборнік рыхтуецца да друку, жыццё змяняе каляіну. Малады паэт сталее, набывае творчы досвед альбо, наадварот, знаходзіць іншае крэатыўнае хобі. Для аўтара новая кніга можа стаць перагорнутай старонкай, але факт яе з’яўлення мае быць пацверджаны мастацкімі вартасцямі твораў, — вядома, калі выданне мае рэдактара і прадстаўляе пэўную творчую арганізацыю. Можна глядзець на справу і прасцей: дэбютны зборнік — найперш нагода для знаёмства з маладой творчай асобай. Знаёмімся: паэтэсы Марыя Бельская і Ірына Карэліна — аўтаркі новых кніг, якія пабачылі свет у серыі «Маладая паэзія Беларусі».

Першыя вершы — гэта амаль заўсёды працяг традыцыі, падхоплены голас улюбёных паэтаў з розных літаратурных эпох. У гэтым сэнсе Марыя Бельская і Ірына Карэліна існуюць у розных вымярэннях: «традыцыйная» айчынная паэзія, у якой гучаць фальклорныя матывы, і паэзія мадэрнізму з непазбыўнай інтанацыяй Ганны Ахматавай. Абедзве беларускія аўтаркі ўзрушана і востра ўспрымаюць жыццё і маюць у сваіх зборніках вершы пра дзівосна знойдзеныя крылы і жаданы, але няўдалы палёт. На гэтым падабенствы закончваюцца, а наконт праблемы абодвух выданняў — пазней. т

Марыя Бельская як аўтар кнігі паўстае асобай спагадлівай, чулай, рэлігійнай, яна любіць прыроду і родную вёску, дзе пачуваецца значна лепш, чым у «цеснай няволі» бетоннага горада. Паэтэса, як бачна, блізкая да беларускай культуры, пра што сведчаць вершы, прысвечаныя Міхалу Клеафасу Агінскаму і Максіму Багдановічу.

Паэма «Цэнтр сусвету», якая займае цэнтральнае месца ў зборніку «Таямніца», распавядае пра апошняе гасцяванне ў любай бабулі — зычлівай, шчодрай і клапатлівай. Бабуля неўзабаве памірае, і паэма-песня, паэма-плач, дапамагае аўтарцы перажыць гора, паўстае зваротам да роднага чалавека ўжо як да нябеснай апякункі і ахоўніцы роду. «Цэнтр сусвету» — твор ліра-эпічны. Паэтэсе пакуль складана выказваць свае эмоцыі, і гэтая эпічнасць дазваляе меркаваць, што Марыя Бельская з цягам часу звернецца да прозы, якая мяжуе з дакументалістыкай ці нават публіцыстыкай.

Ірына Карэліна — паэтэса лірычная і больш эгацэнтрычная. Вершы з кнігі «Навобмацак» вяртаюць у закаханы, дымны, хмельны горад дваццатай зімы, калі дзяўчаты пішуць пра мора, дождж ды блюз і абавязкова згадваюць звонкае таямнічае слова Ён. Ірына Карэліна камфортна пачуваецца ў модным салоне паэтычнай вобразнасці, яе вершы добра кладуцца на слых і гучаць даволі арыгінальна, калі аўтарка з рускай мовы пераходзіць на беларускую.

Удалыя радкі ў кнізе ёсць: «Калі з памяці робяць віно, / то яго называюць — вершы»; «У дождя весной особый запах: / ландышей и белого вина». Ёсць і добрыя творы: «На ўспаміны — астма. Алергія...», «Цішыня мае колер — сіні...», «Калі паглядзець на сонца...». Аднак справу псуюць навязлівыя вобразы ды словы. Героі п’юць зялёную гарбату альбо нешта мацнейшае, слухаюць альбо граюць музыку, усё навокал надта часта вільготнае. У зборніку зашмат манернасці ды карціннасці, звычайныя дзеянні надзеленыя нібыта глыбінным сэнсам («В тот день я заварила чай с малиной. / В саду переливалась флейта Феба...»).

У абедзвюх кнігах паэтычныя вобразы выклікаюць і непаразуменне: «Зима вязала хлопковое счастье / узорами оконного стекла»; «Бездушной пощечиной ветра / ноябрь накажет бездомных котов»; «У вязкім суфле паветра / таполевы пух захрас»; «...Ой дарога, мая ты дарога! / Ты туга, ты імкненне маё. / Не сцірай мае босыя ногі / Горкай скрухі з паверхні тваёй!». У ідэале творца, які рыхтуе да друку першы зборнік, з падказкі рэдактара можа выправіць няўдалыя радкі, замяніць альбо зняць страфу, якая ўспрымаецца як «цьмянае месца». Бо калі даводзіцца спатыкацца аб нязграбнасці і недарэчнасці, ужо не ўсцешваюць добрыя думкі або цікавыя вобразы...

Прафесіяналізм — гэта патрабавальнасць да сябе ды пэўная самакрытычнасць, і літаратура не выключэнне, тым больш што ў беларускай паэзіі было нямала таленавітых аўтараў, якія пісалі на высокім узроўні. Паэтычны зборнік — гэта не «заяўка», не «этап», не «падагульненне», а найперш магчымасць сустрэчы з мастацтвам. Кнігі «Таямніца» і «Навобмацак» пакуль наўрад ці можна рэкамендаваць у гэтай якасці. А чакаць ад маладых аўтарак новых добрых твораў, вядома, варта — калі складуцца спрыяльныя жыццёвыя і творчыя абставіны...

Алеся ЛАПІЦКАЯ 

ЛіМ, №44, 2016