«Лістападаўская» сістэма каардынат


Культурны ракурс

07.11.2016     Культура


Экскурсія па кінафестывалі ад Ігара Сукманава

— Кінафестываляў вельмі шмат, але ў кожнага свае асаблівасці. Ці пераймае «Лістапад» досвед сусветных фестываляў?

— Канечне, мы выкарыстоўваем досвед іншых фестываляў, гэта важны момант. Зразумела, мы не спрабуем станавіцца ў адзін шэраг з Канскім, Берлінскім ці Венецыянскім фестывалямі — у нас розныя вагавыя катэгорыі і іншыя правілы ігры. Для нас галоўнае — мець свой твар у прадстаўленні адмысловага кола фільмаў, аб’яднаных тэматыкай, тэрыторыяй ці, як, напрыклад, «Маладосць на маршы», уяўленнем пра тое, што такое новая генерацыя таленавітых аўтараў. Мы не адкрываем гарызонты — у нашых стужак за плячыма шмат фестываляў, але мы прэзентуем фільмы ў сваёй падачы: робім так, каб кіно гучала, глядзелася і ўспрымалася па-іншаму, каб выбудоўваўся кантэкст. Наведваючы розныя фестывалі, знаходзіш тыя пярліны, якія становяцца свайго роду ДНК-ланцужком, а гэта дазваляе глядзець на мастацтва, на аўтарскую канцэпцыю пад іншым вуглом. На каго мы арыентуемся? У Вільнюсе ёсць фестываль, з якім мы сябруем і пераймаем штосьці, але ў нас свой непаўторны, унікальны фармат, а гэта дарагога каштуе.

— Вы адзначалі, што гэты «Лістапад» будзе фестывалем з разумным кіно, менш глянцавым, без чырвоных дарожак. На што сёлета робіцца стаўка?

— Для нас сапраўды важнае разумнае кіно! Ведаеце, у чым адрозненне, напрыклад, «Оскара» ад фестывалю? Першы — індустрыяльнае свята, дзе падводзяць вынікі кінематаграфічнага года, узнагароджваюць фільмы, якія сабралі касу, але маюць прэтэнзію на якасць. Фестываль спавядае іншы прынцып: для нас важна падтрымаць рэнамэ разумнага кіно, якое стаіць асобна ад класічнай забавы. Наша грамадства патанае ў кульце спажывальніцтва, кіно пачынае асацыявацца з попкорнам і колай. Гэтая прастора пашыраецца за кошт Галівуда, але сціскаецца за кошт сапраўднага, разумнага твора, які ёсць фарпост, што стаіць на абароне высокага мастацтва. Мы хочам, каб «Лістапад» таксама стаяў на ахове элітарнага мастацтва, таму тут ёсць бескампраміснасць, бо фільмы, якія мы паказваем у асноўнай праграме, не заігрываюць з публікай, гэта карціны, якія часам могуць выкінуць з сядла — яны ёсць свята, але і праца.

— Многіх цікавіць пытанне, як адбіраюцца фільмы на фестываль?

— Фестываль ствараўся для таго, каб падтрымліваць цікавасць да кінематаграфій, якія належаць да краін спачатку савецкай, а потым — камуністычнай прасторы. Таму ў наша поле зроку трапляюць фільмы краін СНД, Балтыі, стужкі з Грузіі, Цэнтральнай Азіі, Усходняй Еўропы і нават такіх экзатычных куткоў, як Куба, В’етнам ці Кітай. Чаму менавіта так? Калі я глядзеў у Канах фільм аўстрыйскага рэжысёра Міхаэля Ханэке «Схаванае», то быў узрушаны: карціна мяне глыбока кранула. Але калі я пераглядаў яе ў Беларусі, адчуў, што паміж аўдыторыяй і экранам ёсць невялікі нябачны бар’ер: праблематыка Заходняй Еўропы для нас крыху чужая. А для «Лістапада» важнае менавіта такое кіно, якое будзе зразумелае па прычыне агульнай гісторыі, кола праблем грамадства, бо нясе нешта такое, што блізка для нас. Гэтая праблематыка знаходзіць у нашых душах большы водгук, таму ёсць і крытэрый адбору: у карцінах павінен быць той самы болевы нерв, які закранае нашае грамадства.

— А як «здабываеце» кіно?

— Выбіраючы стужкі для асноўнага конкурсу, я б выкарыстаў паняцце «палітыка аўтарства» праграмных дырэктараў. Яны ездзяць па кінафестывалях, стараюцца быць нагледжанымі і камунікабельнымі з кінематаграфістамі, «здабываць» стужкі, каб скласці фестывальны пазл. Мы не гонімся за прэм’ернымі карцінамі, не робім стаўку на фільмы прахадныя — абавязкова павінны быць стужкі, якія калі і не зрабілі фурор, то на працягу года сталі яркімі ўспышкамі. Таму займацца «адловам» (хоць, здаецца, усё на паверхні) цяжка. Тут трэба быць у нейкай ступені прарокам — умець прадбачыць, якія стужкі будуць узнагароджаны.

— А што з айчынным кіно? Тут падыход іншы?

— Нацыянальны конкурс — рашэнне калегіяльнае, экспертнае. З гэтага пункту гледжання, вялікую ролю адыгрывае калектыўная адзнака. Беларускі кінематограф мы можам прадставіць у большай разнастайнасці тэм, таму, так, падыход іншы. Калі ўзяць ігравую праграму, можна ўбачыць некалькі ліній — сацыяльную і прыватную. Адны схіляюцца да драмы, іншыя — да меладраматычнасці ці камедыі. Але для мяне нацыянальны конкурс у большай ступені — лабараторыя. Усе кажуць пра крызіс індустрыі, што айчынных фільмаў не хапае, мала хто ведае, што сабой уяўляе беларускае кіно. Працы, якія мы адабралі, — у большасці стужкі маладых рэжысёраў, некаторыя з іх не маюць спецыялізаванай адукацыі, не ўсе валодаюць так званай «школай кіно». Яны здымаюць кіно небюджэтнае, як кажуць, «з каленак». Гэтыя фільмы балансуюць паміж прыватным, хатнім кіно і прафесійным. Менавіта таму гэтым стужкам адведзена адмысловае поле, якое, з аднаго боку, задаволіць глядацкую цікаўнасць у сучасным беларускім кіно, з другога боку, яны будуць цікавыя прафесіяналам, людзям нагледжанным і паглыбленым у кіно. Тут убачыш, што адбываецца ў Беларусі, без ярлыкоў, без раздачы адзнак, для таго, каб скласці ўяўленне, што ў сабе нясе беларуская кінематаграфія.

— Ці атрымлівае Беларусь зніжкі на кінарынках?

— У нас ёсць невялікая перавага: фестываль мае акрэдытацыю міжнароднай асацыяцыі прадзюсараў «FIAPF», мы з’яўляемся гульцом на фестывальным полі. Наша месца сціплае, але практычна за 7 год супрацоўніцтва мы многага дасягнулі ў пашырэнні сваёй кліентскай базы: у нас шмат партнёраў, у якіх купляюцца фільмы, і мы маем прэферэнцыі. Але кіно — гэта бізнес, таму фінансавае пытанне тут абавязковае. «Лістапад» расце, ён інтэграваны ў сістэму, таму мы павінны дзейнічаць па агульных правілах ігры і адпавядаць статусу. А гэта патрабуе фінансавай падтрымкі рэнамэ фестывалю, які дапамагае выконваць і місію прадстаўлення краіны на гэтай авансцэне.

— За апошнія некалькі год фестываль развіваўся, але амаль не змяняўся. «Лістапад» ідзе да гледача пракладзеным шляхам?

— Так, у фестывалю павінен быць уласны твар. Але на працягу 7 год наш шлях паказвае, што не ўсе яшчэ «раскусілі сарцавіну». Нашы карціны часам папракалі ў дэпрэсіўнасці, казалі, што яны змрочныя, не ствараюць прыгожы вобраз свету, наадварот, прадстаўляюць падыход даволі крытычны да той рэальнасці, у якой мы жывём. Зараз такія адзнакі паціху раствараюцца, а глядач, акрыяўшы ад першаснага шоку, пачынае разважаць інакш: аналізуе ўбачанае, пачынае спасцігаць праз карціны той свет, які нас акаляе, каб ачышчацца ўнутрана, бо ў гэтым задача любога кіно, як і мастацтва наогул.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР 

ЛіМ, №44, 2016