12.06.2018 Новости
2 чэрвеня ў рамках ХІІ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне адбылася прэзентацыя кніг рэспубліканскага выдавецтва "Народная асвета" з удзелам члена СПБ, гродзенскай пісьменніцы Ліны БАГДАНАВАЙ. Мерапрыемства было прысвечана дню абароны дзяцей.
Ліну Багданаву можна лічыць адной з самых паспяховых пісьменніц нашага рэгіёну. Яе публікацыі з зайздроснай рэгулярнасцю з'яўляюцца ў перыёдыцы краін Еўропы і Азіі. Попыт на прыгодніцкія і дэтэктыўныя раманы, аповесці і апавяданні Ліны Багданавай, наклады яе кніг не зніжаюцца ўжо на працягу дзесяцігоддзя. Членства ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі дапамагло ўмацаваць папулярнасць празаіка на малой радзіме. А супрацоўніцтва з рэспубліканскімі выдавецтвамі “Беларусь” і "Народная асвета" ператварыла імя Ліны Багданавай у сапраўдны літаратурны брэнд.
Творчая біяграфія Ліны Багданавай служыць доказам таго, што поспех прыходзіць толькі ў выніку актыўнага пошуку, нястомнай працы і глыбокага самааналізу. 2017 год стаў для пісьменніцы годам стратэгічнага манеўру, калі аўтар забаўляльнай прыгодніцкай прозы звярнулася да літаратуры для дзяцей. Па прызнанні самой Галіны Анатольеўны, да гэтага абавязвае і прафесія педагога, і статус бабулі. Так кнігай апавяданняў для падлеткаў пад красамоўнай назвай “А кто сказал, что будет просто?” (10+), што ўбачыла свет у выдавецтве “Народная асвета”, распачаўся новы праект, ініцыятарам якога стала гродзенская пісьменніца – спецыялізаваная кніжная серыя “ВКонтакте”.
Ужо з назвы серыі відаць, што сваю ўвагу пісьменнік-педагог засяродзіла на падлеткавай праблематыцы, дзе цяжкі ўзрост, залежнасць ад Інтэрнэту з яго сацыяльнымі сеткамі, што заблыталі ўжо не адну тысячу неакрэплых душ – толькі малая крыха праблем. Без сумневу, указанне на праблему – першы крок да яе вырашэння. У 2018 годзе пісьменніцай зроблены чарговыя крокі ў гэтым накірунку – дзве наступныя кнігі з падлеткавай серыі “ВКонтакте”: “Конец света отменяется!” і “Настроение цвета “Мокрый асфальт”. Кнігі адрознівае дыферэнцыяцыя па ўзроставых катэгорыях: 12+ і 14+ адпаведна.
Выступленні празаіка Ліны Багданавай праходзяць у форме дынамічнага, займальнага дыялогу з чытачамі і іх "старэйшымі сябрамі" бацькамі і настаўнікамі. Галіна Анатольеўна праводзіць бліц-апытанні, мазгавыя штурмы, віктарыны. Відаць, што гульнявая манера зносін з чытацкай аўдыторыяй не толькі з'яўляецца найбольш эфектыўнай, але і дастаўляе задавальненне самой пісьменніцы. Таму што практычны вопыт паказвае: для таго, каб пісаць для дзяцей, часам трэба самому адчуваць сябе дзіцем. Усё гэта мела месца і на вуліцы Савецкай каля крамы "Багач", дзе выставіла сваю прадукцыю выдавецтва "Народная асвета". Пісьменніца чытала апавяданні, жвава гутарыла з дзецьмі і дарослымі, адказвала на пытанні чытачоў. Прэзентацыя кніг Ліны Багданавай прайшла на адным дыханні. А цёплы дожджык, што раптам пырснуў з надышоўшай хмары, надаў мерапрыемству часцінку непаўторнага летняга шарму.
Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси