04.02.2026 Новости
СМАРГОНЬ. У СШ № 6 раённага цэнтра адбылася прэзентацыя кнігі Галіны Антонавай «Вайна ў асобах».
29 студзеня ў сярэдняй школе № 6 горада Смаргоні адбылася літаратурная сустрэча, у якой прыняла ўдзел Галіна Антонава – смаргонская краязнаўца, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, карэспандэнт газеты «Светлы шлях».

Галіна Францішкаўна выступіла перад педагагічным калектывам установы адукацыі. Галоўнай тэмай размовы стала новая кніга «Вайна ў асобах. Непрыдуманыя гісторыі».
Галіна Антонава падзялілася з педагогамі гісторыямі стварэння, выдання кнігі. Кожны аповед у кнізе – голас таго, хто перажыў жах Вялікай Айчыннай вайны. Тут гучаць таксама галасы і тых, хто зберагае ваенную гісторыю – музейных работнікаў і настаўнікаў.
Новая праца журналіста, пісьменніцы – гэта не сухая хроніка падзей, а эмацыйны і шчыры аповед пра лёсы простых людзей, іх мужнасць, боль і надзею. Аўтар кнігі звярнула ўвагу на важнасць захавання такой памяці і перадачы гэтых ведаў маладому пакаленню.

Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы сяброўскай зацікаўленасці. Педагогі, якія штодня займаюцца выхаваннем і адукацыяй вучняў, высока ацанілі працу аўтаркі і адзначылі глыбокі грамадзянскі пафас яе кнігі.

Кнігу «Вайна ў асобах. Непрыдуманыя гісторыі» на добрую памяць пра сустрэчу Галіна Антонава падарыла школьнай бібліятэцы. Выданне стане каштоўнай крыніцай для вучняў і настаўнікаў у іх працы па вывучэнні гісторыі роднага краю.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


