Дзеля шчасця свайго народа


Дзеля шчасця свайго народа

Яе псеўданім поўны цеплыні, пяшчоты, блізкага сваяцтва з кожным… Яна, вялікая дачка беларускага народа, і была такой па жыцці: простай, зычлівай, сваёй. Цётка — пачынальніца беларускай літаратуры, палымяная рэвалюцыянерка, змагарка за адраджэнне роднага слова.

Без песень тваіх пабяднела зямліца,

Па Цётцы і зараз сумуе наш край.

Ідзём да магілы тваёй пакланіцца

За лёс, за душу, адляцеўшую ў рай.

Першая беларуская пісьменніца Алаіза Пашкевіч вядомая пад псеўданімам Цётка, Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацку і інш. Пражыла мала, напісала не вельмі шмат, але ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя займае пачэснае месца.

Яе імя стаіць побач з лепшымі імёнамі ў беларускай літаратуры. Вялікую беларускую паэтэсу, асветніцу і настаўніцу, рэдактара і публіцыста, вучоную і артыстку, бібліятэкара і сястру міласэрнасці ўзгадавала шчучынская зямля. Жыццё паэтэсы — узор самаахвярнага і самаадданага служэння радзіме, узор подзвігу ў імя шчасця свайго народа.

Да 140-годдзя з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч у Шчучынскай раённай бібліятэцы зладзілі паэтычную гасцёўню «Жыве Алаізы песня». Госці свята — майстры літаратурнага слова, прадстаўнікі Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў, а таксама паэты са Шчучыншчыны.

Падчас мерапрыемства ў гасцёўню завітала і сама Цётка, якая з пачуццём чытала свае таленавітыя вершы.

Адкрыла сустрэчу ўступным словам старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч. Людміла Антонаўна расказала, як яе жыццё звязанае з творчасцю Цёткі. Узрушылі песні на вершы Алаізы Пашкевіч, якія выканала Людміла Кебіч.

Яркім, незабыўным, душэўным выступленнем парадаваў мастацкі кіраўнік Гродзенскага народнага клуба творчай інтэлігенцыі «Грані» Аляксандр Закрэўскі, прадставіўшы песню на словы аднаго з вершаў зборніка «Скрыпка беларуская».

Зачаравала меладычнасцю музычная кампазіцыя на скрыпцы ад выхаванкі Шчучынскай школы мастацтваў Кацярыны Тарасевіч. Каларыту прыўнеслі ўдзельнікі тэатральнай студыі «Журавінка» з творчым нумарам «Купалінка».

Шмат цёплых слоў можна было пачуць ад майстраў літаратурнага слова, якія захапляюцца творчасцю знакамітай зямлячкі і шануюць яе памяць (Л.А.Кебіч, Г.І. Скаржынская-Савіцкая, У.В.Руль, А.М.Закрэўскі, А.А.Павукова, Н.Л.Цвірко, Г.П.Бяляўская, І. С. Шатыронак). Цётка стала песняй у народзе, а яе ліра жыве нанова — пра гэта сведчыць творчасць нашых землякоў. Сучасныя паэты, пісьменнікі, мастакі і музыканты натхняюцца спадчынай Алаізы Пашкевіч.

Настасся КІМАН,

метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу

Шчучынскай раённай бібліятэкі