Апынуцца за межамі фокуса


Апынуцца за межамі фокуса

Апынуцца за межамі фокуса

дазваляе 3D-мастацтва Мікалая Батвінніка


Фотаздымак — застылае імгненне, нагода для разважання над праблемай, дзеяннем, сюжэтнай кампазіцыяй, якая ўсяго толькі секунда вялікага працэсу. Ці думалі вы калі-небудзь пра тое, што адбывалася ці будзе адбывацца па-за межамі фокуса? Ці не жадалі самі апынуцца ў абстаноўцы, якая пасадзейнічала стварэнню імгненнай фотакарткі? Калі не, то скарыстацца магчымасцю і хоць раз апынуцца па-за фокусам не асабістага здымка прапануе фотамастак Мікалай Батвіннік. Менавіта эксперыментальным выставачным праектам аўтара «Out of focus» пачаўся новы сезон у мастацкай галерэі «DK».

Мікалай Батвіннік імкнецца адыходзіць ад стэрэатыпаў і займаецца крэатыўным мастацтвам, здольным разняволіць і адцягнуць чалавека ад бытавых сацыяльных праблем. У творчасці аўтара размова толькі пра высокае і свабоднае, таму творы яго адчуваюцца на ўзроўні свежага паветра.

Новы праект фотамастака «Out of focus» складаецца з 3D-фотаздымкаў, інсталяцый і падзяляецца на тры часткі. Першая — «Dark room». Тут сутыкненне з аналагавай фатаграфіяй: глядач апынаецца ў цёмным пакоі, дзе ўсе здымкі апраўленыя пунсовай святлодыёднай лентай. У памяшканні своеасаблівая атмасфера містычнасці. Здаецца, вось-вось, і здымкі пачнуць варушыцца, гаварыць, нават неяк жудасна становіцца. Гэтая частка экспазіцыі закранае пытанне існавання аналагавай фатаграфіі, бо, на думку мастака, са з’яўленнем сучаснай тэхнікі фатограф можа зрабіць сорак здымкаў за хвіліну, але нават не задумаецца пра правільнасць іх кампазіцыі. Іншая справа з плёнкай. Перад тым як націснуць на спускавую кнопку затвора, аўтар тысячу разоў прадумвае пабудову кадра: святло, сілуэт, цені, і ў выніку можа з першага разу зрабіць ідэальную фатаграфію. У гэтым і сэнс:

плёнка вучыць думаць, знаходзіць канцэпцыі, выхоўвае густ аўтара. Таму перад тым, як аналагавае фотамастацтва знікне канчаткова, творца прапаноўвае паразважаць над каштоўнасцю яго існавання.

Другая частка выстаўкі атрымала назву «Дальназоркасць». Мікалай Батвіннік актыўны карыстальнік сацыяльнай фотасеткі «Інстаграм», у якую, як лічыць аўтар, кожны дзень людзі посцяць вялікую колькасць здымкаў, некаторыя з якіх дастаткова ўдалыя, але ж ёсць проста хлам і пустота, не вартыя прагляду. Ва ўласны акаўнт мастак імкнецца выкладваць эксклюзіўныя, тэматычныя фота з сэнсам, задумай і глебай да разважанняў. Менавіта здымкі з «Інстаграма» творцы склалі другую частку выстаўкі. Здаецца, што ў гэтым арыгінальнага? Не спяшайцеся рабіць вынікі: галоўная фішка — у падачы матэрыялу. Убачыць невялікія па памеры кадры (у раздрукаваным выглядзе) можна толькі на адлегласці трох метраў праз бінокль. Чаму так? Усё проста: фотаздымкі ў штодзённым жыцці, даступныя для ўсіх уладальнікаў смартфонаў, становяцца творамі мастацтва, якія трэба разглядаць, аналізаваць з пункту гледжання эстэтыкі, глыбіні задумы. Ды і ўвогуле цяпер няма магчымасці ўспрымаць іх у адкрытым доступе.

Для прагляду трэцяй часткі экспазіцыі патрэбныя 3D-акуляры, без іх адчуванне твораў будзе няскончанае. Здымаеш акуляры і быццам бы проста разглядаеш палотны, а калі апранаеш зноў — з аднаго боку апынаешся на марскім узбярэжжы, не адводзіш вока ад лініі гарызонту альбо пераходзіш на другі бок і становішся наведвальнікам самотнага прыморскага кафэ, дзе шум хваляў натхняе ўспамінамі. Паколькі 3D-фатаграфія для Беларусі — практычна новая з’ява ў мастацкім працэсе, то цікавасць да творчасці Мікалая Батвінніка неверагодная. Як паказвае практыка, апынуцца па-за фокусам фотакамеры сапраўды цікава: наведвальнікі выстаўкі бесперапынна фатаграфуюцца каля вялізных марскіх пейзажаў, па некалькі разоў здымаюць акуляры, каб спачатку вярнуцца да рэальнасці, а пасля зноў паглыбіцца ў атмасферу марской рамантыкі. Па словах мастака, многія людзі ўспрымаюць

яго творчасць як атракцыён, але ж задума была іншая. Аўтару хочацца, каб наведвальнік змог адчуць сябе ўнутры працэсу мастацтва свабодным, натхнёным і закаханым у тое, што адбываецца побач.

Мікалай Батвіннік больш як трыццаць год здымае на плёнку. Але ўсведамляе, што грамадства падышло да мяжы, калі аналагавае фота становіцца фетышызмам. Таму ён і паспрабаваў далучыцца да 3D-фатаграфіі. Раней у мастака быў задуманы 3D праект пра спорт, дзе ўсё было прадумана да дробязяў, але праект прыйшлося адкласці на паліцу. Толькі праз пэўны час, дзякуючы галерэі «DK», творчыя напрацоўкі ўсплылі падчас работы над выстаўкай «Out of focus».

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара