Расслаенне часу, гульня з рэальнасцямі


Расслаенне часу, гульня з рэальнасцямі

Яшчэ паэты Срэбнага стагоддзя, эпохі сімвалізму заклікалі творцаў бачыць дэталі, робячы іх самай надзейнай праявай быцця. У акцэнтах, дробязях сутнасць і цяперашняй фатаграфіі, прычым тых, што не на паверхні, душэўных. Сутнасць можа быць абстрактнай ці выкананай у плыні поп-арт, залежнай ад пэўных дэкарацый або самастойнай, гіперрэалістычнай ― галоўным у сучасным мастацтве паўстае чалавек і яго асабісты свет, адбываецца рух ад знешняга да ўнутранага.

Афарызмы з яблыкаў

Раскрыты напалову, быццам крыху недаверліва, гранат, сумны яблык, пабіты часам, агурочны «інтэрнат», маркоўнае «раздолле», гарбуз, што зваліўся, відаць, з высокай столі і адбіў бакі, грушы, што рыхтуецца стаць кампотам… Як змясціць у звычайных нацюрмортах глыбокі сімвалізм, разважанні пра ўзаемаадносіны, чалавечыя ідэалы, характары і настроі? Пра гэта ведае Алік Замосцін, чыя выстаўка «Агароднінны базар» працуе ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі. Аўтар ― чалавек свету, філосаф і заўзяты падарожнік. Нарадзіўся ў Мінску, але з'яўляецца грамадзянінам яшчэ дзвюх краін ― Ізраіля і Канады. Яго назіранні адкрываюць новы від сучаснай фатаграфіі ― фатаграфічныя байкі і прыпавесці.

Час уносіць карэктывы ў разуменне рэальнасці, Алік Замосцін ― таксама. Раскрывае сутнасць прадметаў, на якія мы амаль не звяртаем увагі, тых, што сталі часткай штодзённасці. Здавалася б, здымкі аўтара бяруць пачатак у класічным нацюрморце, але ў іх ― яркі адбітак творчага пошуку, неардынарная форма падачы. Актуальная фатаграфія ў разуменні мастака ― гэта малюнак вобразамі, глыбока суб'ектыўнае, не павярхоўнае, з пэўным падтэкстам, і не адным. Кожны фатаграфічны малюнак пры вонкавай прастаце ― цэлы расповед, іранічны ці сумны. Пра адзіноту, роднасць душ,

талерантнасць, роспач і прыгажосць. Яго садавіна і гародніна ― прататыпы людзей, нас саміх у нестандартных і складаных сітуацыях. Гэта набор жыццёвых сцэнак, сатырычных і лірычных адначасова.

Алік Замосцін увасабляе яшчэ і актуальны сёння прыклад змешвання жанраў. Яго працы называюць фатаграфічнымі навеламі, такімі, дзе абавязковай ніткай выступае мараль. Літаратура і мастацтва на адной плоскасці. Фатаграфіі прыраўноўваюцца да афарызмаў, дакладных, ясных. Аўтар звязвае слова і малюнак. Фатаграфіі і подпісы да іх непарыўныя, яны як адзіны сюжэт, прыём дзеля адной мэты.

Фатограф лічыць, што людзі жывуць, каб вучыцца, адкрываць новыя грані ісціны, праз цяжкасці станавіцца мудрэйшымі. Жыццё ― у пастаянных зменах. Ён сам, аб'ехаўшы паўсвету, будаваў дамы, працаваў у кампаніях, займаўся бізнесам, шукаў сябе. Але ніколі не расставаўся з фотаапаратам. Ведаў, што варта паглядзець на прыроду і павучыцца ў яе. Яго працы ― гэта таксама суцэльныя пошукі. Яшчэ адна асаблівасць цяперашняй фатаграфіі.

У Аліка Замосціна ўжо ёсць псіхалагічная серыя, прысвечаная рукам. У планах ― распавесці пра дрэвы, гіпнатычныя, амаль сакральныя перапляценні галін і ствалоў. А потым ― узяцца за партрэты, новы для яго жанр. Ён упэўнены, што фатаграфію трэба ствараць, гэта не працэс капіравання рэальнасці.

Марыя ВОЙЦІК