05.07.2025 Новости
2 ліпеня, напярэдадні Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дня Рэспублікі) грамадска-літаратурная акцыя Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ «Пад мірным небам Беларусі» адбылася ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна г. Гродна.
ДЛЯ ДАВЕДКІ. Грамадска-літаратурная акцыя «Пад мірным небам Беларусі» была ініцыяваная Гродзенскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі ў 2015 годзе. Яна праходзіць з удзелам пісьменнікаў у форме творчых сустрэч, вечароў паэзіі, публічных літаратурных мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай і грамадзянскай тэматыкі ў розных дзяржаўных установах г. Гродна і Гродзенскай вобласці. Мэты акцыі – з дапамогай мастацкага слова аддаць даніну памяці і пашаны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, савецкаму народу-пераможцу фашызму, выказаць удзячнасць за магчымасць сёння жыць пад мірным небам; прыцягнуць увагу прадстаўнікоў розных пакаленняў да недапушчальнасці паўтарэння жахаў вайны.
Інвалід… Пры згадванні гэтага слова свядомасць малюе поўную суму, трагічную карціну. Але святло чалавечай душы, якая знаходзіцца ў стане пастаяннай працы, напаўняе плоць чароўнай, непераможнай сілай пераадолення. Як слабы парастак настойліва цягнецца да сонца, так і душа чалавека з абмежаванымі магчымасцямі нястрымна імкнецца да прыгажосці. Калектыў дзённага знаходжання для інвалідаў Кастрычніцкага раёна горада Гродна – суполка даўніх, сапраўдных сяброў літаратараў Прынёмання – гэта пацвярджае. Так, мы сустракаемся на працягу ўжо доўгага часу на шматлікіх літаратурных мерапрыемствах у Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Карскага.

Наведванне гродзенскімі пісьменнікамі сацыяльнай ўстановы таксама стала традыцыяй. Мы стараемся прымеркаваць свае візіты сюды да знамянальных дат, дзяржаўных святаў, каб максімальна напоўніць такія моманты жыватворным духам мастацтва, чалавечнасцю, цеплынёй; падарыць гэтым людзям часцінку сваіх сэрцаў. У ліпеньскай перадсвяточнай сустрэчы ў рамках грамадска-літаратурнай акцыі «Пад мірным небам Беларусі» ўзялі ўдзел: старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, паэтэса, празаік Людміла Кебіч; член СПБ, паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык; член СПБ, паэтэса Вікторыя Смолка, а таксама лаўрэат рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў, паэтэса Антаніна Нурэтдзінава. Творцы павіншавалі гаспадароў з вялікім дзяржаўным святам – Днём незалежнасці Беларусі, пагутарылі пра тое, што значыць гэты дзень для кожнага з нас, пачыталі ўласныя вершы. Людміла Антонаўна зрабіла прэзентацыю кніг, калектыўных зборнікаў «Памяти вечный огонь» і «Память огненных лет». Не абышлося і без падарункаў. Гаспадары падарылі ўсім прысутным цудоўныя песні ў выкананні дуэта «Элегія». Удзельнікі дуэта – кіраўнік аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Ігар Анатольевіч Карнюшка і кіраўнік гуртка «Спевы і музыка» Таццяна Васільеўна Хвайніцкая – да слёз расчулілі ўсіх пранізлівым лірызмам выкананых балад. Паэты выступілі з дэкламацыяй аўтарскіх твораў ваенна-патрыятычнай, грамадзянскай, філасофскай лірыкі. Вікторыя Смолка ўзгадала беларускіх паэтаў-франтавікоў, тых, хто прайшоў полымя Вялікай Айчыннай вайны, удзельнічаў у вызваленні Беларусі. Антаніна Нурэтдзінава ўключыла ў праграму свайго выступлення мастацкі пераклад на беларускую мову вядомага верша Расула Гамзатава «Журавли». Людміла Антонаўна Кебіч уручыла калектыву ўстановы асобнік кнігі «Память огненных лет». Светлую памяць усіх, хто загінуў у барацьбе за незалежнасць і мірнае неба над Беларуссю, ушанавалі хвілінай маўчання.

Сустрэча стала цёплым і запамінальным святам мастацтва і дружбы, сілы чалавечага духу і творчага натхнення. У фінале мерапрыемства госці пачулі цёплыя, прыемныя водгукі і атрымалі ад адміністрацыі ўстановы букецікі васількоў… Грамадска-літаратурная акцыя Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ «Пад мірным небам Беларусі» працягвае шэсце па Прынёманскім краі.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси


