Акцыя Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ «Пад мірным небам Беларусі» ў Скідзелі


Акцыя Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ «Пад мірным небам Беларусі» ў Скідзелі

26.04.2025                                                          Новости


СКІДЗЕЛЬ (ГРОДЗЕНСКІ РАЁН). 23 красавіка Скідзельскую гарадскую бібліятэку сямейнага чытання наведалі літаратары: старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, паэтэса, празаік Людміла Кебіч; член СПБ, паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык і член СПБ, паэтэса, публіцыст Тамара Мазур. Установа культуры стала першым пунктам літаратурна-патрыятычнага тура «Пад мірным небам Беларусі», прысвечанага 80-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

 

ДЛЯ ДАВЕДКІ. Літаратурна-патрыятычны тур «Пад мірным небам Беларусі» з’яўляецца ініцыятывай Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ, яшчэ адной формай грамадска-асветніцкай працы літаратараў Гродзенскай вобласці. Раней быў турам грамадзянскай паэзіі, але з-за далучэння іншых родаў літаратуры (прозы, публіцыстыкі) пашырыў свой фармат. Сутнасць акцыі заключаецца ў наведванні групай літаратараў за адзін або некалькі дзён некалькіх раёнаў вобласці з тэматычнымі выступленнямі, прэзентацыямі кніг ва ўстановах адукацыі і культуры. Мэты акцыі – з дапамогай мастацкага слова аддаць даніну памяці і пашаны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, савецкаму народу-пераможцу фашызму, выказаць удзячнасць за магчымасць сёння жыць пад мірным небам; прыцягнуць увагу прадстаўнікоў розных пакаленняў да недапушчальнасці паўтарэння жахаў вайны.

 

 

На сустрэчу з мастацкім словам і яго стваральнікамі сабраліся вучні 5-7 класаў ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. Скідзеля імя В. Г. Пяшко», педагогі, бібліятэкары. Адкрыла мерапрыемства Людміла Антонаўна Кебіч. Кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі Прынёмання расказала пра літаратурнае жыццё вобласці, пра гісторыю акцыі «Пад мірным небам Беларусі» і яе ідэйна-тэматычны змест. Дзмітрый Радзівончык у сваёй прамове адзначыў глыбока сімвалічны сэнс ролі горада-спадарожніка, якую з гонарам выконвае Скідзель. Пісьменнік зрабіў прэзентацыі некалькіх кніг і прачытаў уласны публіцыстычны твор – нарыс «Один из тысяч» пра свайго дзеда, ветэрана Вялікай Айчыннай. Тамара Мазур зрабіла прэзентацыі і анонсы сваіх творчых праектаў, прадэкламавала ўласныя творы ваенна-патрыятычнай, грамадзянскай і філасофскай лірыкі. Асабліва моцны эфект выклікалі радкі, прысвечаныя гораду-спадарожніку Скідзелю і яго вуліцам, названым імёнамі герояў. Затым паэтэса выкарыстала элемент інтэактыўнай гульні з моладдзю і ў ролі чытальнікаў запрасіла да ўдзелу ў праекце юных аматараў літаратуры. Звонкім гімнам памяці, пранікнёным набатам прагучала паэзія Людмілы Кебіч. Яе ваенна-патрыятычная і грамадзянская лірыка прысвячаецца 80-годдзю вызвалення Беларусі і 80-й гадавіне перамогі, ветэранам і дзецям вайны, асэнсаванню трагічных і гераічных старонак нашай гісторыі. Кульмінацыяй праграмы літаратурных чытанняў у межах акцыі «Пад мірным небам Беларусі» стаў верш Людмілы Антонаўны  «Я – дачка ветэрана».

 

 

Невыпадкова – што літаратурна-патрыятычны тур «Пад мірным небам Беларусі» па трох раёнах Гродзеншчыны адбыўся ў Сусветны дзень кнігі. У фінале дзеі госці падарылі бібліятэцы свае выданні з аўтографамі і зрабілі агульныя фота на памяць. 

 

Цікавы факт: на красавіцкую сустрэчу з пісьменнікамі прыйшлі вучні і настаўнікі скідзельскай школы, якая носіць імя героя, воіна-інтэрнацыяналіста Валянціна Пяшко, брата члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаіка са Шчучына Івана Пяшко.

 

 

У гэты ж дзень у межах літаратурна-патрыятычнага тура дэлегацыя СПБ-Гродна наведала яшчэ два раённыя цэнтры вобласці – Бераставіцу і Ваўкавыск. Прымеркаваная да 80-годдзя Перамогі грамадска-літаратурная акцыя «Пад мірным небам Беларусі» на тэрыторыі Гродзенскай вобласці працягваецца.

 

 

САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ

Гродзенскае абласное аддзяленне

 

www.pisateli.by

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси