
25.04.2025 Новости
Дэлегацыя Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ наведала раённы цэнтр у межах патрыятычнага літаратурнага тура «Пад мірным небам Беларусі», прысвечанага 80-годдзю Перамогі.
У сусветны дзень кнігі, 23 красавіка ў Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гасцямі райцэнтра сталі Людміла Кебіч, Дзмітрый Радзівончык і Тамара Мазур.
У рамках патрыятычнага літаратурнага тура «Пад мірным небам Беларусі» члены абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі за адзін дзень наведаюць тры раёны вобласці – Гродзенскі, Бераставіцкі і Ваўкавыскі. На сустрэчу сабраліся навучэнцы Бераставіцкага дзяржаўнага каледжа, мясцовыя паэты і жыхары Бераставіччыны.
Старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса, празаік, перакладчык, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Людміла Кебіч прадставіла зборнік літаратурна-мастацкх твораў «Памяти вечный огонь», выдадзены да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (2024), а таксама праанансавала выхад дзвюх кніг да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне – зборніка «Память огненных лет», у якім сабраны вершаваныя творы, і «Поле памяці» – зборнік твораў прозы і публіцыстыкі. Уражвае, што ў кожным выданні каля 200 старонак. Людміла Антонаўна прачытала свой верш «Я – дачка ветэрана» і іншыя аўтарскія творы на тэмы вызвалення Беларусі, Вялікай Айчыннай вайны і Перамогі.
Намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ, паэт, публіцыст, Дзмітрый Радзівончык прадставіў публіцы нарыс, які прысвяціў свайму дзеду, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, дадзены твор Дзмітрыя Мікалаевіча ўжо апублікаваны ў зборніку «Памяти вечный огонь» і не толькі.
У шэрагу выданняў, прысвечаных юбілейным датам Вялікай Айчыннай вайны і подзвігу савецкага народа, прэзентаваных у ходзе грамадска-літаратурнай акцыі «Пад мірным небам Беларусі», прадстаўленая Дзмітрыем Радзівончыкам кніга «Победили! Перамаглі!», якая выйшла ў канцы 2024 года ў Санкт-Пецярбургу, вылучаецца асобна. Яна з’яўляецца вынікам творчасці празаікаў і паэтаў Беларусі і Расіі, а ўключаны ў яе сачыненні на дзвюх мовах.
У мерапрыемстве таксама прыняла ўдзел член СПБ, беларуская паэтэса і журналіст Тамара Мазур. Яна прэзентавала новую кнігу для дзяцей «Алфавітныя прыпынкі дзяўчынкі Літарынкі»; прачытала свае вершы і для дарослых: «Вуліцы герояў», «Вуліцы Міхася Васілька», «Запавет сыну», «Народ», «Памыляемся».
Слова атрымалі бераставіцкія аматары літаратуры. Кожнае выступленне ўдзельнікаў мерапрыемства суправаджалася бурнымі апладысментамі. Атмасфера адзінства і творчы настрой, паэтычнае натхненне і сяброўская цеплыня – усё гэта стала неад’емнымі часткамі сустрэчы. У завяршэнні мерапрыемства госці падзякавалі за цікавую сустрэчу, падарылі свае кнігі гаспадарам, а паэтам-землякам пажадалі новых творчых поспехаў.
Дамініка КАРНІЛОВІЧ
«Бераставіцкая газета»
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси