У Карэлічах адбылася паэтычная вечарына “Я живу, и значит – я люблю!”, прысвечаная 80-годдзю акцёра і барда Уладзіміра Высоцкага


У Карэлічах адбылася паэтычная вечарына “Я живу, и значит – я люблю!”, прысвечаная 80-годдзю акцёра і барда Уладзіміра Высоцкага

09.02.2018                                     Новости


У Карэлічах ушанавалі памяць Уладзіміра Высоцкага. “Я живу, и значит – я люблю!”. Паэтычная вечарына пад такой назвай, прысвечаная 80-годдзю з дня нараджэння акцёра і барда, адбылася 26 студзеня ў Карэліцкай раённай бібліятэцы з удзелам мясцовых дзеячаў культуры.


Час пакідае ў гісторыі імя сапраўднага творцы. Уладзімір Высоцкі не ўвайшоў, а літаральна ўварваўся ў прастору свайго часу. Яго вершы не друкаваліся ў літаратурных часопісах, не выходзілі асобнымі кнігамі, але іх ведала ўся краіна, усе слухалі і спявалі яго песні. Хрыплаваты голас рваўся з магнітафонных стужак, і яго немагчыма было забыць, ён прымушаў суперажываць, верыць і спадзявацца. У супярэчлівасці паміж неверагоднай любоўю і папулярнасцю ў слухачоў і афіцыйным непрызнаннем хавалася трагедыя творцы, якая моцна скараціла яго жыццё.

 

У тэатр, дзе ён служыў, і на яго напаўафіцыйныя канцэрты імкнуліся гледачы, а з фільмаў выразалі яго песні, забаранялі друкаваць вершы. Уладзімір Высоцкі апярэдзіў свой час, ён крычаў пра тое, што многіх хвалявала, але прымушала маўчаць, і ён прымаў удар на сябе. Чалавечыя магчымасці не бязмежныя, і струна творцы абарвалася напаўдарозе, але яго паэзія засталася жыць.

Ён не паспеў патрымаць у руках першы зборнік сваіх вершаў, не ўбачыў і іншых кніг, якія выйшлі ўжо пасля яго смерці. Сёння пра паэта напісана нямала, створаны фільмы, адкрыты музей, на канцэртах яго называюць вялікім рускім паэтам. Як жа не хапала яму гэтага прызнання пры жыцці! 

Наведайце возера Літоўка каля Навагрудка, якое апеў у паэме “Гражына” геніяльны Адам Міцкевіч. Цяпер гэты прыгожы куточак Беларусі ведаюць яшчэ як месца правядзення фестывалю бардаўскай песні, які становіцца ўжо традыцыйным. А праводзіцца ён тут таму, што ў 1969 годзе Уладзімір Высоцкі прыязджаў сюды на здымкі фільма “Сыновья уходят в бой”. З рэжысёрам Віктарам Туравым артыст і паэт сябраваў не адзін год, пісаў песні для яго фільмаў, здымаўся ў кіно. На гэты раз прыехаў разам з Марынай Уладзі. Перачытайце старонкі яе кнігі “Владимир, или Прерванный полёт”. Там французская актрыса з захапленнем піша пра Літоўку. Прыгажосць навакольнай прыроды натхняла паэта. Ноччу на духмяным сене ў адрыне Уладзімір Высоцкі ўголас складаў вершы, адбіваючы рытм рукою. З толькі што народжаных радкоў паўставалі вобразы. Менавіта тут узніклі тэмы многіх ваенных песень Высоцкага.

Паэтычную ауру гэтага куточка паспрабаваў захаваць навагрудскі прадпрымальнік Сяргей Коваль, які на месцы дома, дзе жыў у час адпачынку У.Высоцкі, пабудаваў адмысловую сядзібу. На сцяне аднаго з пакояў ёсць барэльеф славутага барда.

 

Завітайце на возера Свіцязь, каб у чарговы раз палюбавацца гэтай чароўнай перлінай, якой некалі захапляліся Уладзімір Высоцкі і Марына Уладзі. 

Прайдзіцеся па вуліцах Навагрудка, былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, зрабіце фотаздымкі каля бюста У.Высоцкага ў скверы, які носіць яго імя. Завітайце ў мясцовую гасцініцу, пераначуйце ў нумары, дзе некалі жыў паэт. Мэбля таго часу, фотаздымкі і іншыя рэчы нагадаюць пра вашага куміра.

 

Прыемна, што навагрудчане не забыліся адзначыць памятныя мясціны, звязаныя з імем У.Высоцкага. Прыехалі навагрудскія барды і на паэтычную вечарыну “Я живу, и значит – я люблю!”, якая адбылася ў Карэліцкай раённай бібліятэцы і была прымеркавана да 80-годдзя з дня нараджэння славутага барда. Акунуцца ў атмасферу паэтычнага свету У.Высоцкага аматарам яго творчасці дапамагла вядучая імпрэзы, супрацоўніца раённай бібліятэкі Т.Кардаш. Да яе далучыліся выканаўцы вершаў і песень У.Высоцкага – А.Абадзінскі, А.Хамутоў, В.Лісоўская, І.Санчук, Л.Арцюх, М.Лагута, С.Кошур, М.Касцюкевіч, А.Каўцэвіч, Г.Аліевіч. 

Музычныя нумары ў выкананні навучэнцаў Карэліцкай школы мастацтваў А.Петрушэўскага і М.Чубрыка, а таксама створаная супрацоўнікамі бібліятэкі тэматычная выстава і мультымедыйная прэзентацыя ўзмацнілі ўражанне ад мерапрыемства. 

Святлана КОШУР,

член СПБ, Карэлічы.

На здымках: “Я живу, и значит – я люблю!” Паэтычная вечарына да 80-годдзя з дня нараджэння Уладзiмiра Высоцкага ў Карэліцкай раѐннай бібліятэцы з удзелам мясцовых дзеячаў культуры i аўтара рэпартажу, пісьменніка-краязнаўца, члена СПБ Святланы Кошур. 26 студзеня 2018 года.