
07.04.2025 Новости
3 красавіка літаратурную сустрэчу ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце са студэнтамі 11 і 12 груп 2 курса педыятрычнага факультэта правялі гродзенскія паэты Дзмітрый Радзівончык і Вольга Алізар. Дзмітрый Мікалаевіч бываў нашым госцем шмат разоў. Пасля невялічкай даведкі пра дзейнасць Саюза пісьменнікаў Беларусі і ў прыватнасці яго Гродзенскага абласнога аддзялення літаратар прапанаваў моладзі адкрыць новае імя ў сучаснай паэзіі Прынёмання, прадставіў маладую, перспектыўную гродзенскую паэтэсу.
Калі ласка, знаёмцеся: Вольга Сцяпанаўна Алізар нарадзілася 26 лістапада 1986 года ў вёсцы Раздзялавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. У дзяцінстве хацела стаць лекарам. Скончыла Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж; па прафесіі эканаміст. Маці траіх дзяцей.
Пачала пісаць яшчэ ў школе – і з таго часу сур’ёзна займаецца літаратурнай творчасцю, піша вершы на рускай і беларускай мовах. Аўтар дэбютнага зборніка патрыятычнай лірыкі «О тебе, моя милая Родина», пераможца шматлікіх літаратурных конкурсаў, кандыдат на ўступленне ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Асноўныя тэмы лірыкі Вольгі Алізар: Радзіма, родная прырода, сямейныя і хрысціянскія каштоўнасці, чалавечыя ўзаемаадносіны. Крыніцамі натхнення для паэтэсы з’яўляюцца сям’я, падарожжы, чытанне мастацкай літаратуры, класічная музыка (фартэпіяна).
Падчас выступлення ў студэнцкай аўдыторыі Вольга Сцяпанаўна прызналася, што зараз піша выключна на роднай мове, прачытала вершы, сярод якіх: «Я – дачка сінявокай краіны», вершы, прысвечаныя беларускай мове, а таксама лірычныя разважанні пра сваіх родных. Бацькам, якія жывуць далёка і якіх яна любіць усім сэрцам, прысвечаны верш «З любоўю да матулі, з любоўю да таты». Таксама госця прадставіла аўтарскі зборнік вершаў «О тебе, моя милая Родина». Дзецям і мужу паэтэсай прысвечаны такія вершы, як «Мацярынская парада», «Гонар».
Затым Вольга Сцяпанаўна пазнаёміла студэнтаў з калектыўным зборнікам «Памяці вечны агонь», прысвечаным 80-годдзю вызвалення Беларусі і 80-годдзю Вялікай Перамогі. Нядаўна з удзелам паэтэсы прэзентацыя гэтай кнігі адбылася на XXXII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе, якая праходзіла з 12 па 16 сакавіка 2025 года. У зборніку надрукаваныя працы не толькі яе калег па пісьменніцкай арганізацыі, але і творы аўтараў-аматараў, прадстаўнікоў розных пакаленняў. З гэтай кнігі Вольга Сцяпанаўна прачытала свае вершы «Боль душы» і «Хутка Дзень Перамогі».
Мы дзякуем паэтам за змястоўны сяброўскі візіт, жадаем далейшых поспехаў у творчасці і заўсёды чакаем новых сустрэч!
Бібліятэка
Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага
ўніверсітэта
Крыніца: сайт ГрДМУ
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси