Дзве гадзіны шчырасці


Дзве гадзіны шчырасці

07.02.2018                               Новости 


У цэнтральнай бібліятэцы сустрэчу з творчымі лунінчанамі правёў намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Крэйдзіч. 

Вядома, што не так даўно аўтар шэрагу папулярных кніг і лаўрэат прэстыжных літаратурных прэмій стаў жыхаром нашага раёна. Ці здагадваўся прамоўца пра звычай глыбінкі Палесся, дзе чалавека ацэньваюць па некалькіх пакаленнях яго роду, а калі не знаёмы з бацькамі-дзядамі, лічаць, што гэта – “не вядома хто”? Думаю, мясцовыя старажылы былі б задаволены выступленнем, у якім Анатоль Мікалаевіч сканцэнтраваў увагу пераважна на біяграфічнай інфармацыі. Прыемна было пачуць словы аб мудрым гаспадары хутара каля Сасноўкі, зяцем якога стаў будучы пісьменнік. Продкам па лініі жонкі ён прысвяціў нарыс “Цар Яўхім і яго нашчадкі” – адзін з самых кранальных твораў пра нашых землякоў. Калі ж удзельнікі сустрэчы спыталі пра ўражанні аб раёне ў якасці навасёла, у Анатолі Крэйдзічу “прачнуўся” журналіст. (Урэшце, шматгадовая праца супрацоўнікам рэспубліканскай “Чырвонай змены”, абласной “Зари” і – рэдактарам – іванаўскай раённай газеты “Чырвоная звязда” прымушае заставацца “летапісцам сучаснасці”, хаця і вельмі хочацца, як вынікае са слоў прамоўцы, не зважаць на дробязі, а засяродзіцца на вечных пытаннях быцця…). Анатоль Мікалаевіч выказаў шэраг заўваг з нагоды мясцовых рэчаў, да якіх “тутэйшыя” прызвычаіліся, а ў гасцей гэта выклікае, мякка кажучы, непаразуменне. І тут жа прызнаўся ў непрацягласці сваіх часовых абурэнняў:

–У мяне адходлівы характар – на нешта раззлуюся, але хвілін праз 10 адыходжу…

Відавочна, незадаволенасць Анатоля Мікалаевіча датычыць пераважна сацыяльных ці грамадскіх пытанняў, – шчаслівая сям’я не дае падстаў для раздражняльных фактараў. Абедзьве дачкі жывуць у Мінску (каб быць бліжэй да дзяцей, і згадзіўся на прапанову заняць пасаду ў кіраўніцтве СПБ). Старэйшая, лінгвіст па адукацыі, – адарыла ўжо і ўнучкай. Малодшая – паспяховы мастак (увасобіла ў жыццё адно з юнацкіх захапленняў бацькі), прагучаў нават запіс песні ў выкананні дачкі пад уласны акампанемент на гітары. Але літаральна праз год знаходжання ў сталіцы Анатоль Мікалаевіч прыняў рашэнне асталявацца ў Сасноўцы – трэба даглядаць 96-гадовую маці жонкі. Значыць, працягнецца жыццё ў Царовай сядзібе. Можа, з цягам часу гэтыя маляўнічыя мясціны набудуць такую ж славутасць, як Ясная Паляна, Спаскае-Лутавінава ці іншая гістарычная мясціна? Не ўпершыню пісьменнікам шукаць адасаблення для творчасці. (Буду спадзявацца, што і Сасноўка набудзе адметнасць у творах свайго жыхара – напісаў жа Анатоль Крэйдзіч гімн роднай вёсцы Заверша!).

Дарэчы, напачатку сустрэчы пісьменнік сказаў, што выступленне будзе перамяжаць з чытаннем сваіх мініяцюр. Але, перапоўнены шчырасцю, прыгадаў свае словы толькі больш чым праз гадзіну. І прагучалі пільные назіранні за звычайнымі выпадкамі, парадаксальныя развагі над сучаснымі праявамі рэчаіснасці. Кожная мініяцюра завяршалася апладысментамі прысутных.

Як і прынята, на сустрэчах з пісьменнікамі прапаноўваюцца яго новыя кнігі. За сімвалічны 1 рубель можна было набыць зборнік з асабістым пажаданнем вядомага творцы.

Спытала ў Анатоля Мікалаевіча, ці ёсць у новай кнізе “лунінецкія старонкі”. Аўтар шчыра адказаў: не. І я не стала ў чаргу за аўтографам.

Вярнуўшыся дамоў, узяла выданне, якое дорага сэрцу літаратурным патрэтам лунінчанкі пад загалоўкам “Галоўная прывілея Ірыны Свібовіч”. З вясны 2011 года “жыве яна ў дзецях, у мужы, у гэтым нарысе”... У мініяцюрах знайшла некалькі тых, што гучалі ў чытальнай зале, але найбольш спадабалася занатаванне пачуццяў “Паэта”:

“Ідзе скрозь войны, кроў і смерць… Наступіў на лісточак:

–Вой, я лісток растаптаў!”.           

Сустрэча з Анатолем Крэйдзічам увасобілася ў два словы назвы гэтай яго кнігі – “Роднае, шчымлівае”… Відавочна, трэба пашыраць маю “лунінецкую абмежаванасць” і знаёміцца з іншымі творамі пісьменніка, які “пастаянным месцам жыхарства” выбраў сядзібу пад Лунінцам.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Фота – Лунінецкая цэнтральная раённая бібліятэка