“Не жадаю быць блазнам-паяцам…”


“Не жадаю быць блазнам-паяцам…”

31.01.2018                                   Новости


Так называлася творчая імпрэза паэта, празаіка, перакладчыка, кампазітара, лаўрэата Рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон”, вядучага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура” Дзмітрыя Пятровіча, якая адбылася 25 студзеня 2018 года ў мінскай бібліятэцы №1 імя Л.М.Талстога і была прысвечана 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Высоцкага – паэта, акцёра, барда. Уладзімір Сямёнавіч пакінуў нам, яго нашчадкам, багатую творчую спадчыну – больш за 700 песень, ролі ў спектаклях і кінафільмах.

Д.Пятровіч пазнаёміў прысутных з гісторыяй узнікнення і асноўнымі этапамі  развіцця ў СССР аўтарскай песні, а таксама з такімі  прадстаўнікамі бардаўскага руху, як Б.Акуджава, Ю.Візбар, Н.Мацвеева, А.Галіч, А.Гарадніцкі, Ю.Кім, С.Нікіцін, А.Міцяеў і інш. Пры  гэтым асноўны акцэнт быў зроблены на творчасці У.Высоцкага.

Вялікую цікавасць гледачоў выклікаў той факт, што дзед знакамітага барда, па бацькавай лініі (дарэчы, таксама Уладзімір Сямёнавіч), быў родам з Брэста (у той час – Брэст-Літоўск), а род Высоцкіх паходзіць з мястэчка Сялец Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер гэта Брэсцкая вобласць). Паводле аповедаў бацькі і яго роднага брата (абодва – франтавікі, палкоўнікі, ардэнаносцы; першы – сувязіст, а другі – артылерыст) Высоцкі стварыў цыкл песень пра вайну. Прычым Уладзімір Сямёнавіч расказваў пра яе настолькі праўдзіва, што маладыя тады ветэраны падыходзілі да барда пасля канцэртаў і пыталіся, дзе ён ваяваў…

Некаторыя творы з гэтага цыкла (“Брацкія магілы”, “Ён не прыйшоў з поля бою”, “Песня пра зоркі” і інш.) прагучалі падчас імпрэзы на беларускай мове ў выкананні Д.Пятровіча (дарэчы, пераклаў іх з рускай мовы таксама Дзмітрый Леанідавіч). На мове арыгінала ён выканаў дзве песні з кінафільма “Вертыкаль” – “Песню о друге” і “Песню альпинистов”.

Потым Д.Пятровіч адказаў на пытанні слухачоў і пазнаёміў іх з новымі кнігамі, якія нядаўна ўбачылі свет у выдавецтве “Мастацкая літаратура”(у прыватнасці, са сваім зборнікам прозы “Анёлы”), а таксама з тымі выданнямі, якія толькі рыхтуюцца да друку. Вельмі прыемна тое, што слухачоў сабралася шмат (а большая іх частка – старшакласнікі)і яны ўважліва слухалі госця. У канцы сустрэчы ўсе прысутныя ўзнагародзілі Дзмітрыя Леанідавіча гучнымі апладысментамі за яго цікавы расповед і выкананне – на беларускай мове – песень Уладзіміра Высоцкага, а супрацоўнікі бібліятэкі выказалі надзею, што падобныя літаратурна-музычныя імпрэзы стануць традыцыйнымі. 

Рыгор ЛЯМЦЭВІЧ

Фота аўтара