
15.01.2025 Новости
13 студзеня ў Гродне ўручылі Прэмію імя А. І. Дубко за дасягненні ў галіне культуры і мастацтва. Сярод 14 найбольш таленавітых і актыўных работнікаў культуры з розных куткоў Гродзенскай вобласці лаўрэатам высокай узнагароды ў намінацыі «Пісьменнік 2024 года» стала член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтэса Таццяна Яцук (Навагрудскі раён).
«Уручэнне Прэміі імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко – не проста знакавая і ўрачыстая падзея. Гэта даніна павагі і ўдзячнасці тым, хто аб’ядноўвае сэрцы і розумы, хто, нягледзячы ні на якія цяжкасці, працягвае натхняць нас сваёй творчасцю», – адзначыў на ўрачыстай цырымоніі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. З паэзіяй Таццяны Мікалаеўны Яцук аматары сучаснай літаратуры могуць пазнаёміцца на старонках шматлікіх персанальных і калектыўных зборнікаў, перыядычных выданняў. Прэмія Гродзенскага аблвыканкама імя Героя Беларусі Аляксандра Іосіфавіча Дубко – не першая высокая ўзнагарода ў багажы нашай калегі. Паэтэса працуе даволі плённа, а поспех, як вядома, любіць працавітых, заслужанай узнагародай прыходзіць менавіта да тых, хто сваю працу, свой творчы пошук ніколі не спыняе.
Паэтэса нарадзілася ў вёсцы Радагошча, што на Навагрудчыне. Жыве ў Баранавічах, працуе школьнай настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Яна актыўны грамадскі дзеяч, асветнік. Акрамя членства ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, кіруе аматарскім літаратурным аб’яднаннем «Купальскія зоры», мае шмат вучняў. Дарэчы, у студэнцкія гады, падчас сваёй вучобы на філфаку БДУ Таццяна Мікалаеўна ўваходзіла ў легендарнае ўніверсітэцкае літаб’яднанне «Узлёт». Магчыма, гэты факт біяграфіі назаўжды пераканаў творцу ў непадзельнасці мастацтва і грамадскага служэння. У 2022 годзе паэтэса Таццяна Яцук з рукапісам зборніка лірыкі «Зоркі ў прыполе» перамагла ў IV Абласным конкурсе рукапісаў імя Цёткі (Алаізы Пашкевіч). У мінулым годзе ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшла чарговая кніга паэтэсы пад назвай «Мудрасць вечара». Кнігу можна ахарактарызаваць як зборнік філасофскай лірыкі. З уласнага жыццёвага вопыту жанчына-творца, руплівая захавальніца хатняга ачага будуе мост праз раку фантазій і мар яе лірычнай гераіні да сэрца беларускага чытача. Цэнныя чалавечыя якасці: народная мудрасць, шчырасць, дабрыня, гатоўнасць да самаахвяравання, павага да мінулага, увага да сучаснасці – вось, што цікавіць паэтэсу. 1 лістапада ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Карскага адбылася прэзентацыя кнігі.
Мінулы год для паэтэсы складаўся з удзелу ў вялікай колькасці разнастайных мерапрыемстваў па ўсёй краіне. Дарэчы, вершы Таццяны Яцук добра кладуцца на музыку, дзясяткі з іх сталі песнямі. Іх можна было пачуць падчас восеньскай творчай вечарыны ў Гродне і не толькі. А адкуль у зборніка такая назва – «Мудрасць вечара»? Адказ чытачу трэба шукаць самастойна, удумліва, сам-насам з кнігай і з уласным сэрцам. Нагадаем, што традыцыя штогод узнагароджваць найбольш дастойных дзеячаў мастацтва была заснавана Аляксандрам Дубко, якому сёлета 14 студзеня споўнілася б 87 гадоў. Кіраўнік распачаў гэтую важную і карысную справу, добра разумеючы біблейскую ісціну: «не хлебам адзіным жывы чалавек». Шанаваць прыгажосць, гармонію мастацтва – гэта па-нашаму, па-беларуску, штогод падкрэсліваюць на Гродзеншчыне… На працягу ўсяго ўрачыстага вечара на сцэне Гродзенскага драмтэатра гучалі вершы беларускай паэтэсы Таццяны Яцук.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси