“Яго вабіць лёс пушчанскі”. Творчы вечар брэсцкага пісьменніка Анатоля Брытуна


“Яго вабіць лёс пушчанскі”. Творчы вечар брэсцкага пісьменніка Анатоля Брытуна

27.12.2017                           Новости


Рамантык, улюбёны ў прыгажосць роднага краю, энтузіяст, які цікавіцца гісторыяй сваёй краіны, і проста чалавек шырокай душы – такім я ўбачыла нашага земляка, пісьменніка Анатоля Брытуна, у якога на мінулым тыдні адбыўся творчы вечар у бібліятэцы імя Пушкіна.


Белавежскі летапісец – менавіта так называюць Анатоля Арцёмавіча пасля таго, як яго першы твор “Пах мускусу” убачыў свет. У рамане пісьменнік знаёміць чытача з яцвяжскім паданнем пра вечнага стражніка, які ахоўвае некранутыя лясы Белавежы. А ведаеце, чаму аўтар так назваў свой раман? Аказваецца незвычайны пах мускусу сыходзіў ад скуры зуброў, якая вельмі высока цанілася, і ўвесь белавежскі лес  быў пранізаны гэтым пахам. У кнізе можна знайсці не толькі гісторыю пушчы, але і адносіны людзей да сайго лёсу, да жывёл.

Празаік, публіцыст, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Калесніка Брэсцкага аблвыканкама ў намінацыі “Проза” Анатоль Арцёмавіч у 2013 годдзе папоўніў рады Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яго апавяданні друкаваліся ў часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Бярозка”, рэспубліканскай прэсе “Паляўнічы-рыбалоў”, “Таможенный вестник” і рэгіянальных газетах.

З бурштынавага краю

Анатоль Брытун нарадзіўся ў вёсцы Баранцы Жабінкаўскага раёна “Да сённяшняга часу мая вёсачка не была знаёма свету, але нядаўна там знайшлі бурштын, і цяпер гэта месца атрымала паэтычную  назву “Бурштынавы край”. Памятаю, калі мне было гадоў пяць, там выкапалі невялікую сажалку, дзе я купаўся з сябрамі і кідаў прыгожымі каменьчыкамі па вадзе, не ведаючы, што гэта бурштын”, --  рассказвае пісьменнік. Пасля заканчэння тэхнікума Анатоль Арцёмавіч па размеркаванню паехаў працаваць у расійскі Пскоў, потым вярнуўся ў Брэст і працаваў інжынерам. Паступіў на завочнае аддзяленне ў Горкі, атрымаў дыплом інжынера-гідратэхніка. Але на гэтым не супакоіўся: два гады вывучаў польскую мову ў БрДУ. З 28 чалавек, якія былі ў групе, яму прапанавалі паспрабаваць сябе ў ролі гіда-перакладчыка. “Я быў шакіраваны, але мне сказалі, што ўсё атрымаецца.Спачатку працаваў у турыстычнай фірме “Спутнік”, затым у “Інтурысце”, потым у маскоўскім “Інтурбюро”. Вельмі цікавая дзейнасць. Мне пашанцавала зведаць усе куточкі Савецкага Саюза, акрамя Казахстана і Арменіі. Калі мне споўнілася 32 гады, ажаніўся. Потым пачаў разбурвацца Савецкі Саюз, і ўсім перакладчыкам прапанавалі перайсці ў мытню, дзе працую ўжо 27 гадоў”, -- расказаў пісьменнік.

Творчы запал

Анатоль Арцёмавіч пачаў актыўна займацца літаратурнай дзейнасцю гадоў дзесяць назад. Першае прыгодніцкае апавяданне, прысвечанае паляўнічым і рыбалоўным прыгодам, было надрукавана ў рэспубліканскім часопісе “Паляўнічы-рыбалоў”. “Я люблю лавіць рыбу, збіраць грыбы, таму вельмі хутка нараджаліся ў мяне невялічкія апавяданні. Бывала, што ў нумары часопіса выходзілі адразу два творы. Мяне здзівіла,што людзям падабаецца мая творчасць. Мне нават тэлефанавалі з выдавецтва, каб я хутчэй прысылаў свае новыя гісторыі”, – адзначыў герой вечара.

А ўвогуле творчыя іскаркі з’явіліся ў яго, калі ён вучыўся ў восьмым классе. “Аднойчы ў школе нам сказалі напісаць сачыненне на вольную тэму, настаўніца на другім уроке спытала: ”Ты дзе гэта спісаў?” Я сказаў, што замысліў. “Але такое самастойна напісаць немагчыма!” – не паверыла яна. Мяне зачынілі ў кабінеце, далі ліст паперы і сказалі зноў паказаць сваё ўменне. З тым момантам я звязваю сваю першую пробу пяра. Потым навогул забыў пра творчасць, але пазней, бліжэй да пяцідзесяці гадоў, мяне зноў пацягнула да мастацкага слова. Так сталася, што менавіта ў гэты час мы сыну купілі камп’ютэр, на якім я пачаў складаць невялічкія апавяданні.

 

Белавежскі пясняр

Зараз пісьменнік працуе над трылогіяй пра Белавежскую пушчу, але ў кожным творы чытач абавязкова знойдзе інфармацыю і пра родны Брэст: калі пачаў будавацца горад, этапы яго развіцця. Тры аповесці вернуць сучасніка ў старажытныя часы – XI-XV стагоддзі. “Першая аповесць “Ашуканая ганарыстасць вікінга” друкавалася ў часопісе “Маладосць”. Другая, гістарычная, “Шчарбіны яцвяжскай сякеры” расказвае пра абарону Брэста ад мангола-татарскага нашэсця. Ідэя трэцяй аповесці – распавесці пра знакамітую Грунвальдскую бітву. Зараз усе тры творы знаходзяццы ў Брэсцкім гарвыканкаме. Мару выдаць іх да тысячагоддзя горада. Атрымаецца ці не, не ведаю”, – сказаў аўтар.

–   Анатоль Арцёмавіч, чаму менавіта хараство беларускай жамчужыны лягло ў аснову Вашых твораў?

–   На мой погляд, для Беларусі недарэчны прабел, што ў нашай мастацкай літаратуры няма ніводнага твора пра старажытны пушчанскі лес. Шмат кніг напісаў Джэк Лондан пра Аляску, якія мы з цікавасцю чытаем. Пішуць кнігі і здымаюць  фільмы пра Шэрвудскі лес, дзе жыў Робін Гуд, зараз там не засталося ніводнага дрэва, тым не менш гэтыя мясціны нам добра знаёмыя. А ў нас ёсць такое багацце – найлепшы лес ў Еўропе, а твора, прысвечанага яму, няма, я маю на ўвазе прыгодніцкага: буклетаў з фотаздымкамі – сотні. Гэту недарэчнасць я вырашыў выправіць. Ад сваёй маці я даведаўся, што мае продкі – дзед  і прадзед – працавалі ў Белавежскай пушчы стражнікамі і ляснічымі. Калі з жонкай мы прыходзілі дадому пасля працоўнага дня, мама заўсёды  расказвала нам пра радню. Такім чынам, гісторыя маёй сям’і і фантазія дапамаглі мне напісаць мой першы твор “Пах мускусу”. Я адразу паслаў яго ў часопіс “Полымя” ў верасні, а з новага года яго пачалі друкаваць. Пазней пісьменнікі цікавіліся, ці ёсць у мяне там знаёмыя, бо другія чакаюць друкавання чатыры-пяць год, а мяне надрукавалі праз некалькі месяцаў. На жаль, на свае грошы я выдаў толькі трыста экзэмпляраў рамана. Не магу спадзявацца на падтрымку спонсараў, бо знаходжуся на дзяржаўнай службе,  і гэта будзе расцэньвацца як скрытая форма хабару. Спадзяюся, што кожны, хто прачытае гэтую кнігу, захоча з’ездзіць у Белавежскую пушчу.

У народзе кажуць, што першы блін сабаку, але ў Анатоля Арцёмавіча ўсё атрымалася: ён выдаў за свае грошы трыста экзэмпляраў кніг і, дзякуючы таму, што твор быў надрукаваны яшчэ ў часопісе, атрымаў станоўчы водгук ад тысячы чытачоў і пісьмо ўдзячнасці ад пасла Беларусі ў Францыі, Іспаніі, Партугаліі Паўла Латушка.

–   Цікава, як Вам удаецца спалучаць дзяржаўную службу і творчы накірунак?

–   Праца ў мытні даволі цяжкая: нервы, безумоўна, псуюцца. Бывае, прыходзіш дадому зусім без сілы. Але пачынаеш тварыць, складаць прыгодніцкую гісторыю, і раптам ты ад усяго абстрагуешся. Гэта  і ёсць своеасаблівы адпачынак. Увогуле, я не лічу сябе прафесійным пісьменнікам, літаратура – гэта маё хобі.

 

Аматар гісторыі

Другі твор аўтара “Сяліба” з’явіўся некалькі год назад. “Перш чым напісаць яго, я прачытаў аповесць Зінаіды Дудзюк “Слодыч і атрута”, падумалася: “Вось на табе, як раз збіраюся нешта падобнае напісаць!” Кніга Зінаіды Іосіфаўны ўпэўніла мяне, што такія творы цікава чытаць. У аснове “Сялібы” аповяды майго дзеда, вельмі цікавага чалавека з даволі няпростым лёсам. Ён нарадзіўся ў 1882 годзе ў Расійскай імперыі, потым паехаў на працу ў Амерыку, вярнуўся, купіў зямлю і стаў гаспадарыць на ёй. Але пачалася Першая сусветная вайна, немцы сілком выывезлі яго ў Расію, але ён потым вярнуўся. Затым была рэвалюцыя, потым польская ўлада, за ёй – савецкае. Праз два гады – Вялікая Айчынная вайна. Той перыяд я апісаў вачыма дзеда, яго адносіны да змены ўлады, якая адбывалася сем разоў. Думаю, гэту кнігу будзе цікава чытаць і праз сто гадоў, –  расказаў аўтар і дабавіў:

–  Хто мае яшчэ жывых бабуль і дзядуль у вёсках, калі ласка, гаварыце з імі, цікаўцеся іх жыццём, яны шмат чаго раскажуць. Паверце, ніякія камп’ютэрныя гульні, замежныя фільмы не параўнаюцца з іх гісторыямі. Яны заўсёды праўдзівыя і незвычайныя”.

Дарэчы, Анатоль Брытун заўсёды цікавіўся гісторыяй мясцін, дзе нарадзіўся і жыве. “Аднойчы я аддаў усю зарплату, каб набыць кнігу 1882 года, якая была выдадзена ў Пецярбургскай акадэміі навук, яна прысвечана гісторыі нашай зямлі. Прачытаў яе, ян мяне вельмі захапіла. Тое, што ў нас цікавая гісторыя, – гэта несумненна. Вырашыў дзяліцца  сваімі думкамі наконт гістарычнага мінулага ў Інтэрнеце – так з’явіўся форум для тых, хто цікавіцца старажытнай гісторыяй. Спачатку старонку наведвалі чалавек сто, потым іх колькасць вырасла да тысячы, потым да мільёна. Атрымалася так, што тых, хто шукае машыну, было менш, чым наведвальнікаў маёй старонкі, і мадэратары яе зрабілі платнай. Па папулярнасці форум значыўся трэцім па Брэстчыне і дзевяностым па Беларусі”, – расказаў энтузіяст.

Сапраўдны брытун

На творчую сустрэчу прыйшло шмат сяброў і калег Анатоля Брытуна. Сярод іх абаяльная і таленавітая пісьменніца Зінаіда Дудзюк, якая адзначыла, што ў героя вечара вельмі цікавыя творы. “Некаторыя пішуць дэтэктывы пра амерыканцаў, фантастычныя гісторыі пра гномаў. Якія гномы, калі ў нас сваіх поўнае балота: лесуны, балотніцы, русалкі, вадзянікі – у нас сваіх хапае персанажаў. Не трэба запазычваць, трэба выкарыстоўваць сваё. Вы абралі правільны накірунак. Пахвалу можна слухаць або не, крытыку можна наогул не чытаць, бо крытык – гэта чалавек, які ведае, як трэба напісаць, але напісаць нічога не можа, – сказала Зінаіда Іосіфаўна і спытала: – Ці ведаеце, што абазначае Ваша прозвішча? Забрытаць каня ці карову – накінуць на яе вяроўку. Значыць, нейкі ваш продак быў такім спрытным да накідвання вяроўкі на дзікіх коней у пушчы, да іх прыручэння, што спачатку гэта была, відаць, мянушка, якая   потым стала прозвішчам. Спадзяюся, Вы, як сапраўдны брытун, будзеце і далей накідваць вяроўку на Пегаса”. У зале раздаліся гучныя апладысменты.

Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі , уручаючы грамату Анатолю Брытуну, адзначыла: “Дзякуючы Вашым творам мы маем магчымасць адарвацца ад рэчаіснасці і апынуцца ў краіне неверагодных падзей. Вы стаіце на варце нашай  дзяржавы па абавязку службы  і ў культурным плане. Вы ахоўваеце не толькі мяжу, але і нашу культуру, далучаеце чытачоў сваімі кнігамі да пазнання Беларусі. Дзякуй Вам за гэта!”

Вечар прайшоў на адным дыханні, аставіўшы пасля сябе прыемныя ўспаміны, цікавыя гісторыі і добры настрой.

Алёна СІНЯЎСКАЯ “Брестский вестник»