У Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшлі XXV Мінскія паэтычныя чытанні


У Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшлі XXV Мінскія паэтычныя чытанні

19.12.2017                                Новости


У Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшлі XXV-ыя Мінскія паэтычныя чытанні. Штогод двойчы яны праводзяцца сталічным аддзяленнем СПБ сумесна з галоўнай гарадской кніжніцай. На гэты раз чытанні былі прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання і 135-годдзю з дня нараджэння класікаў айчыннай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Вёў мерапрыемства і знаёміў слухачоў з літаратурным жыццём Мінска і Беларусі старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, паэт, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Міхась Пазнякоў.

Свае новыя і ранейшыя вершы прачыталі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Міхась Башлакоў, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Анатоль Аўруцін, лаўрэаты Рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных прэмій Валянціна Паліканіна, Мікола Шабовіч, Уладзімір Мазго, Таццяна Жылінская, Ганна Мартынчык, а таксама Вольга Шпакевіч і Яна Явіч.

Песні на вершы беларускіх паэтаў выканалі пад гітару паэты Аляксандр Вашчанка і Таццяна Жылінская.

Павел КУЗЬМІЧ

Фота аўтара