Калі адлегласць – не перашкода


Калі адлегласць – не перашкода

30.09.2024                                                          Новости


У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася анлайн-сустрэча з прадстаўнікамі навукова-літаратурнай інтэлігенцыі расійскага Башкартастана. Мерапрыемства прайшло па ініцыятыве башкірскага боку. Галоўнай тэмай дыялогу стаў 80-гадовы юбілей вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўдзел у гэтых гістарычных падзеях літаратараў з далёкай Башкірыі. Сярод удзельнікаў былі: пісьменніца, старшыня Саюза кінематаграфістаў Башкартастана Зухра Буракаева, паэтэса, рэдактар аддзела часопіса “Ватандаш” Зульфія Ханнанава, доктар філалагічных навук Райса Хайрулліна, кандыдат педагагічных навук Асія Цімербулатава, старшыня рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Беларусы Башкартастана” Раіса Зюзько і іншыя.

Беларускі бок прадстаўлялі дырэктар музея Сяргей Усік, навуковыя супрацоўнікі ўстановы, прадстаўнікі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос і Рагнед Малахоўскі.

Размова ішла аб важнасці тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў кантэксце 80-годдзя вызвалення Беларусі, яе ролі ў героіка-патрыятычным выхаванні моладзі, наладжвання шчыльнага ўзаемадзеяння ў культурным супрацоўніцтве Расіі і Беларусі. Дачка пісьменніка-франтавіка Ханіфа Карымава Райса Хайрулліна расказала прысутным аб удзеле яе бацькі ў баявых дзеяннях на беларускіх землях, яго творчых нататках-успамінах пра той час. Дачка пісьменніка-франтавіка Рамазана Уметбаева Асія Цімербулатава таксама падзялілася ўспамінамі пра свайго бацьку і ўплыў перажытых ваенных падзей на яго творчасць. Цікавым было выступленне Раісы Зюзько. Яна паведаміла, што беларусы на башкірскіх землях пасяліліся яшчэ ў 19 стагоддзі. А пад час Вялікай Айчыннай вайны значная колькасць з іх удзельнічала ў вызваленні сваёй гістарычнай радзімы. З прызваных на вайну больш за шэсцьсот чалавек жывымі вярнуліся дадому крыху больш за сотню этнічных беларусаў.

У сваю чаргу Сяргей Усік расказаў пра праекты, якія ажыццяўляе і плануе музей. Старшыня Мінскага абласнога аддзялення СПБ Леанід Крыванос гаварыў пра творчыя праекты пісьменнікаў Міншчыны, прысвечаныя тэме вайны, якія ў апошні час былі здзейснены, чытаў свае вершы. Паэт Рагнед Малахоўскі расказаў пра творчыя сувязі і перакладчыцкія праекты з башкірскім бокам. Паміж усімі ўдзельнікамі сустрэчы адбыўся плённы абмен думкамі, абазначаны кропкі перспектыўных сумесных мерапрыемстваў.

 

Прэс-служба МАА СПБ

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси