27.09.2024 Новости
Творчая сустрэча члена СПБ паэта Васіля Барысюка з навучэнцамі Брэсцкага абласнога ліцэя імя П. М. Машэрава адбылася ў канферэнц-зале Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. С. Пушкіна.
Васіль Барысюк, галоўны рэдактар “Радыё Брэст” і “Горад FM”, пазнаёміў моладзь са сваёй творчай і прафесійнай біяграфіяй, зацікавіў працай журналіста, парэкамендаваў не пераставаць вучыцца ў любым узросце, кім бы ні прыйшлося працаваць у будучым.
Васіль Пятровіч – стваральнік аўтарскай праграмы “Натхнёныя лёсам адзіным” аб літаратуры Брэсцкай вобласці, якая гучала на брэсцкім радыё два разы на тыдзень на працягу трох месяцаў. Журналіст прывёў навучэнцам цікавыя факты з біяграфій заходнебеларускіх пісьменнікаў Міколы Засіма, Піліпа Пестрака, Васіля Ласковіча і іншых.
Свой аповед паэт перамяжоўваў чытаннем уласных вершаў, як новых, так і напісаных у маладосці. Ліцэісты задавалі паэту пытанні, актыўна рэагавалі на гумар, з цікавасцю слухалі карысныя жыццёвыя парады, з задавальненнем сфатаграфаваліся на памяць.
Ірына ФАМІНА
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси