24.09.2024 Новости
НЯСВІЖ. Дэлегацыя Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ўзяла ўдзел у Першым міжнародным фестывалі духоўнай творчасці «Богородице похвалу воспоём». Праваслаўны форум песеннага і літаратурнага мастацтва адбыўся 22 верасня ў Нясвіжскім замку і аб’яднаў творцаў рознага ўзросту з розных рэгіёнаў Беларусі і не толькі.
Арганізаваны фестываль сумеснымі намаганнямі мясцовага грамадскага актывіста, члена СПБ, краязнаўцы, паэтэсы, радыёвядучай Зоі Кулік-Капусты і епіскапа Нясвіжскага Аўксенція, вікарыя Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, пры падтрымцы Нясвіжскага райвыканкама.
Праграму фестывалю склалі круглы стол на тэмы духоўнасці і культурна-маральнага выхавання моладзі, а таксама літаратурна-песенны марафон з дзвюх частак (дзіцячай і дарослай). Сваю творчасць прадэманстравалі аўтары, літаратурныя аб’яднанні і творчыя калектывы з Нясвіжскага і Мінскага раёнаў Мінскай вобласці, горада Асіповічы Магілёўскай вобласці, горада Баранавічы Брэсцкай вобласці. Саюз пісьменнікаў Беларусі прадставілі дэлегацыі Мінскага гарадскога аддзялення (кіраўнік дэлегацыі паэт Міхаіл Паўлавіч Пазнякоў) і Гродзенскага абласнога аддзялення (кіраўнік дэлегацыі паэтэса Людміла Антонаўна Кебіч). З дакладамі і прамовамі на круглым стале, які адкрыў Уладыка Аўксенцій, выступілі прадстаўнікі раённай улады, тэолагі, работнікі культуры, педагогі і вядома, пісьменнікі, у тым ліку вядомая пісьменніца з Мінска Ірына Токарава і госць форума з Расіі, член Саюза пісьменнікаў Расіі, паэт Аляксей Гушан (Маскоўская вобласць). Свае сяброўскія (літаратурныя і песенныя) прывітанні новаму фестывалю накіравалі творцы з Масквы, Калінінграда і літаратурнай супольнасці «Чарніліца» (Балгарыя).
У складзе творчай каманды Прынёмання (на фота) з фестывальнай сцэны ў Белай зале Нясвіжскага замка Радзівілаў выступілі: старшыня ГрАА СПБ, Заслужаны дзеяч культуры, паэтэса Людміла Кебіч; член СПБ, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі, дзіцячая пісьменніца Ганна Скаржынская-Савіцкая (выступіла двойчы – у дзіцячым і дарослым блоках); член СПБ, паэтэса Кацярына Каламійцава; член СПБ, паэт, публіцыст Дзмітрый Радзівончык; маладыя гродзенскія паэты Андрэй Дарожкін і Вольга Алізар.
На працягу дня са сцэны гучалі літаратурныя і песенныя творы рэлігійнай, хрысціянскай тэматыкі. Асноўная ідэя Першага міжнароднага фестывалю духоўнай творчасці «Богородице похвалу воспоём» заключаецца ў боскай выратавальнай сутнасці мастацтва. Сёння род чалавечы наблізіўся да той фатальнай мяжы, калі выратаваць жыццё на планеце можа толькі Гасподзь Бог. І менавіта чароўная мова мастацтва як сродак дыялогу чалавека з вышэйшымі сіламі выконвае сакральную місію супакаення зямных жарсцяў ласкай нябеснай. Ва ўмовах глабальнай дэсакралізацыі творчасць дае ўсім нам надзею на выратаванне. Невыпадкова мастацтва было названа арганізатарамі фэсту «сумам па Богу». Выступоўцамі было неаднаразова падкрэслена: дзеячы мастацтва Рэспублікі Беларусь рашуча супраць адмовы ад хрысціянскіх традыцый і традыцыйных каштоўнасцяў. Наша пазіцыя – стваральная праца, адзінства ўсіх людзей добрай волі ў імя міру пад чароўным покрывам Прасвятой Багародзіцы, да светлага свята Нараджэння якой і быў прымеркаваны фестываль. Па выніках круглага стала будзе выдадзены зборнік тэматычных дакладаў. А сам Міжнародны фестываль духоўнай творчасці «Богородице похвалу воспоём» у Нясвіжы вырашана зрабіць традыцыйным і паступова пашыраць яго геаграфію.
САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ
Гродзенскае абласное аддзяленне
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси