Людміле Кебіч прысвоена званне Заслужаны работнік культуры


Людміле Кебіч прысвоена званне  Заслужаны работнік культуры

11.09.2024                                                          Новости


У літаратурным свеце сучаснай Беларусі імя Людмілы Кебіч вядомае практычна кожнаму. 40 гадоў Людміла Антонаўна адпрацавала як педагог у Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў на пасадзе намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, прысвяціўшы ўсё жыццё выхаванню яркіх, самабытных, таленавітых творцаў і добрых, цікавых людзей. Музыка, літаратурнае слова – свет мастацтва стаў фактычна сэнсам існавання для гэтай жанчыны, яе апірышчам і трывалым падмуркам.

 

Сёння яна – актыўны грамадскі дзеяч, сапраўдны лідар, паспяховая, запатрабаваная пісьменніца, шчаслівая маці і бабуля. Але самае каштоўнае мастацтва, якім валодае старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Антонаўна Кебіч, гэта мастацтва чалавечнасці. Каб адчуць – як гэта, паспрабуйце самі хаця б тыдзень правесці ў цесных стасунках з апантанымі творчасцю, пацалаванымі Богам людзьмі, таксама вельмі паспяховымі, прынцыпова мэтанакіраванымі, самадастатковымі, вытанчанымі асобамі з адметным светапоглядам і пэўным наборам якасцяў актыўнага творцы; кожнага зразумець, кожнаму пастарацца дапамагчы ў дасягненні мэтаў і нікога не пакрыўдзіць, не пакінуць па-за ўвагай… Акрамя гэтага, нягледзячы ні на што, ёй удаецца ўвесь час захоўваць вернасць сабе, сваім ідэалам сапраўднай, шчырай беларускі, кожнаму гаварыць толькі праўду ў вочы. Яе крэда – па-беларуску народная шчырасць як у творчасці, так і ў рэальным жыцці. І вось да арсеналу шматлікіх жыццёвых перамог дадалося яшчэ адно значнае дасягненне.

 

Сардэчна віншуем старшыню Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людмілу Антонаўну Кебіч з прыс ваеннем  ганаровага звання Заслужаны работнік культуры. Ад імя калектыву пісьменніцкай арганізацыі Гродзеншчыны жадаем нашаму лідару моцнага здароўя, непахіснай душэўнай раўнавагі і невычэрпнага натхнення. Няхай кожны пражыты дзень становіцца крыніцай стваральнай энергіі мастацтва і жыццёвых сіл, а неацэнны творчы вопыт дапамагае яшчэ шмат гадоў заставацца на культурнай варце, весці за сабой новыя пакаленні сапраўдных патрыётаў нашай Радзімы, памнажаць шэрагі аднадумцаў і верных сяброў. Дарагая Людміла Антонаўна, Вы – наш гонар!

 

САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ

Гродзенскае абласное аддзяленне

 

www.pisateli.by

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси