Свята паэзіі ў Полацку


Свята паэзіі ў Полацку

06.12.2017                              Новости


З  добрай нагоды  – на прэзентацыю чарговай кнігі Галіны Загурскай “У месяцовым перламутры” –  сабраліся ў  Музеі беларускага кнігадрукавання аматары прыгожага пісьменства.

Галіна Загурская уганаравана за трэцюю кнігу лірыкі  “З росаў святаянных” Літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Караткевіча.  Яна з’яўляецца рэдактарам і старшынёй мастацкага савета народнага літаратурнага абъяднання “Наддзвінне”,  якім многа год кіраваў паэт Мікалай Балдоўскі.    

Сучасны  кіраўнік “Наддзвіння “ Валянціна Сопікава павіншавала паэтэсу Галіну Загурскую з выхадам новай цудоўнай кнігі, а таксама падзякавала за дапамогу ў дзейнасці  літаратурнага аб’яднання, за яе арганізатарскія здольнасці і адданую працу ў якасці рэдактара.  Яна адзначыла, што як чытач вельмі захапляецца паэзіяй Галіны Загурскай.  Жыццё Галіны Загурскай цікавае і змястоўнае, багатае на падзеі, сяброў і творчыя набыткі. Увачавідкі, праз відэакліп, які склала і агучыла наддзвінка Ірына Еўдакімовіч прысутныя пазнаёміліся з  жыццём і творчасцю Галіны Загурскай. 

На вечарыне выступіла журналіст Тамара Філімонава, якая напісала прадмову да прэзентуемай кнігі  пад назвай “Радасць жыцця”, тым самым  выявіўшы сутнасць вершаў Галіны Загурскай. Яны застаўляюць разважаць, іх хочацца перачытваць і атрымліваць ад прачытанага асалоду. Вершы з кнігі чытала сама Галіна Загурская і яе сябры-наддзвінцы. На вечарыне гучалі песні на словы Галіны Загурскай у выкананні Ядвігі Аўласенкі, а таксама адбылася прэм’ера песні самадзейнага кампазітара  з Наваполацка Ліліі Чарняўскай  на верш Галіны Загурскай   “Я хацела быць ветрам у полі... “. Песня прагучала ў аўтарскім выкананні. А вядомы на Полаччыне самадзейны кампазітар Васіль Граноўскі так натхніўся яе паэзіяй, што адразу  напісаў тры песні на вершы са зборніка “У месяцовым перламутры” і выканаў іх на вечарыне.

Павіншавалі Галіну Загурскую і  мастацкія калектывы горада  Полацка: удзельнікі народнага духоўна-патрыятычнага  ансамбля “Спадчына”  і  “Іграй, гармонь любімая, палачаначка”. Вядучая – Славіна Вячаславаўна Гаўрылава, дырэктар Музея беларускага кнігадрукавання, зазначыла, што  адбылося сапраўднае   свята паэзіі. 

Тамара КРАСНОВА-ГУСАЧЭНКА,

старшыня Віцебскага абласнога ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”