Шматгалоссе вершаў Марыі Кобец


Шматгалоссе  вершаў Марыі Кобец

05.12.2017                           Новости


Вершы Марыі Кобец усё часцей гучаць на розных мовах свету. Не так даўно паэтка з Піншчыны ўлілася ў перакладчыцкія літаратурныя варункі  і вось ужо сёння яе  творы гучаць галасамі розных краін свету. Руская, польская, сербская, чарнагорская, туркменская… На гэтых мовах вершы Марыі Кобец раней ужо змяшчаліся ў літаратурных выданнях Еўропы,  зусім нядаўна моўны камунікат твораў аўтаркі папоўніўся перакладамі на чувашскую мову, якія падрыхтаваў Народны паэт Чувашыі Валеры Тургай. Два тыдні таму яны былі надрукаваны ў Чувашскім рэспубліканскім папулярным штотыднёвіку “Чаваш херараме” (Чувашская жанчына), і ўрэшце – чарговая прыступка: вершы палескай паэткі ў перакладзе Гюнель Шамілкізі  апублікаваны ў Азербайджане. На пляцоўцы  вядомага міжнароднага Інтэрнэт-парталу “АртКаспій”  вершы Марыі Кобец загалоўлены так: “Çırpınan quş əllərin”, што ў перакладзе  на беларускую азначае – “Узмах птушынага крыла”. Лічычы па наведваннях на старонку, вершы паэткі карыстаюцца вялікай цікавасцю ў прыхільнікаў паэзіі Азербайджана. Увазе чытача – спасылка на нізку, змешчаную на пляцоўцы “АртКаспія”, і арыгіналы яе твораў:

http://artkaspi.az/az/irpinan-qus-ellerin-qonar-yuva-ovcuma-mariya-kobecin-seirleri/#.Wh97CdJl90v

 

***

 

Ты толькі мяне пакліч!

Ды што там!.. Шапні ціхенька.

І шчасця ўсміхнецца зніч,

І стане ўвесь свет маленькім.

 

Адно толькі – Ты і Я,

І рукі твае, і вочы.

І стану навек твая,

Адкінуўшы сорам жаночы.

 

І вочы заплюшчыўшы ўраз,

Забудуся ўсё на свеце.

Адно толькі ты, як Спас –

Адзіны ва ўсім Сусвеце!

 

***

 

Проста мяне няма

там, дзе выток ад ценю.

Выспамі воч – зіма,

шэрань сляпых адценняў.

 

Проста мяне няма

ў цемрадзі і ў зеніце.

Тайнапіс дзён – “сама”,

правапіс ісціны – I.Н.Ц.I.[1]

                           

Проста няма мяне

ў ветры, вадзе і ў глебе!

Я ў шматгалоссі?..

Не!..

Я – у сумоўі з Небам!

 

Я ў сутарэнні слоў

І  ў рыфмаванні строфаў.

Пошук асновы асноў – 

вязень сваёй катастрофы.

                

З німбам над галавой,

з крыламі за плячыма…

-         Вязень Паэзіі!..

        Стой!..               

            К вечнасці?..

                -  Так!..

                     Магчыма…

 

***

 

Людзі адвеку не мелі крылы –  

Збівалі ногі, гублялі сілы.

Блукалі ўпрыцем, не галасілі –

Глядзелі ў неба, не меўшы крылы.

        

Людзі адвеку не мелі крылы,

Збіралі камні, гарнулі спіны,

І… раскідалі, аж да знясілля…

Глядзелі ў неба – шукалі крылля.

                

Людзі адвеку не мелі крылаў.

Ды мелі ў сэрцы Ісуса, Шыву,

Ды мелі Веру, і з Верай – Сілу!

І з Верай –  Неба,

                       не меўшы крылаў!..

 

ПРАБАЧ МЯНЕ, НЕБА, ПРАБАЧ…

 

Я чую – Ты плачаш, не плач,

Далёкае блізкае Неба…

Спадаюць слязінкі...

Крумкач

Ірве набрынялую глебу.

 

Я чую Твой стогн…

І ў журбе

Выпростваю стомлена рукі.

Ты плачах, ці чуеш –

К Табе

Вандроўнік ідзе блізарукі.

 

Выслізвае крыж з далані,

Халоднай, амаль акалелай.

Сцяжына – наўсцяж аканіт[2]

І цела – ледзь-ледзь ацалела.

 

І сэрца ледзь б’ецца, ды плач,

Твой плач ушчувае дакорна.

І шляхам грымотных няўдач

Іду нетаропка, пакорна.

 

У тварах счарнелых кабет

Шукаю зноў існасць і веру,

Нязнана шапчу свой абет –

Выдыхваю думкі даверу.

 

Прытрызніцца ветразь… і плач,

Твой плач, Найвысокае Неба…

Прабач мяне, Неба, прабач,

За слабасць адсутнасці хлеба.

 

РАЗМОВА З ВЕТРАМ

 

Вятрыска-вецер!

Стой! Куды ляціш?

Куды кіруеш крыламі аблокаў?!

Твая жалейка парушае ціш,

Музыка-вецер – майстар найвысокі!..

 

Навошта хмары скручваеш ў клубок?

Падолы рвеш бязлітасна на дрэвах?

Ну што ж ты, вецер?

Ці ж у гэтым прок?

Ды годзе ўжо!

Ці ў тым твая патрэба?..

 

Пастой жа, вецер,

Дружа мой, пастой!

Не рві мне косы!

Я даўно не тая!

Дазволь сагрэцца ў бездані пустой

І не счарсцвець у сіверным адчаі.

 

І не растраціць тое, што здаўна

Падараваў-узнагародзіў Творца.

Пастой жа, вецер!

Хопіць жа спаўна

Шугаць-пужаць у цемені бясконцай!

 

Ты лепей злёгку голле палюляй –

Няхай паснуць збянтэжаныя птушкі.

А потым ціха-ціха мне найграй

Сваёй жалейкай песню Папялушкі.

 

СОНЦА

 

Так,  толькі Сонца

Ведае сцяжыну да вялікага Гняздоўя Жар-птушкі…

 

Старанна і надзейна хавае яно гэты маршрут

І ад бяздзейных мінакаў,

І ад апантаных шукальнікаў.

Змораныя нялёгкай дарогай,

Толькі адзінкі з сотняў тысяч адшукваюць Яго

Праміж  мільёнаў падманных прыстанішчаў,

Знаходзяць і застаюцца ў Святасці Яго

Назаўсёды прасветленымі.

 

Мажліва, мне не ставала моцы ў нагах,

Мне не хапала зроку,  слыху, ці разумення,

Каб адолець гэты шлях,

Таму сёння

Я агідна глытаю атрутлівы пах чужых валасоў,

Прызвычайваюся да крывадушнага атачэння,

Ды ледзь-ледзь вытрымоўваю відавочнае –

Я – ў ліку астатніх сотняў тысяч. 

 

НЕБА

 

Я аддала табе сваё Неба.

А ты…

Ты засяліў Яго крумкачамі і хмарамі,

Перунамі  й маланкамі...     

Аблашчаныя сухавейнымі  зграямі

Яны спаралізавалі  цела  Яго,

згвалтавалі волю Яго…

 

Навошта-аа-а?!..

Роспачна ўздымаю ўгару рукі і… жахаюся:

Перуны  трушчаць аблічча  прывіднае ,

Крумкачы даўбуць вочы блакітныя,

Крывавы барвовец сплывае

па грудзях заранічных...       

Годзе-еее-ее-е!..           

 

Праз твае, так, праз твае намаганні

Пакорліва гіне ва ўлонні Ракі Жыцця

“Ружовая лілея Ніла” – лотас[3] свяшчэнны.

Годзе-ееее-еее-ее-е!..

…Ды тоне голас у гуках нямой нячуласці…

 



[1] I.Н.С.І. -  у царкоўна-славянскай мове абрэвіятура  значыць “Іісус Назаранін Цар Іудзейскі”. Пры  распяцці  Хрыста Понцій Пілат напісаў на дошчачцы віну Іісуса:  (І҆и҃съ назѡрѧнинъ, цр҃ь і҆ꙋдейскїй).  Дошчачку  з  надпісам прыбілі да крыжа над галавой Іісуса Хрыста. На выявах Распяцця гэты надпісь скарачаюць да абрэвіятуры з першых загалоўных літар (І.Н.Ц.І.).

[2] Akoniton 1 – з грэчаскай назва расліны, ужывальнай для атручвання ваўкоў і іншых драпежнікаў.

 

[3]        У Старажытнай Індыі лотас выступае як сімвал творчай сілы, як вобраз стварэння свету.