Саюз пісьменнікаў Беларусі сёлета адзначае сваё 90-годдзе. А заснавана творчая арганізацыя (тады пад назвай Саюз пісьменнікаў БССР) была ў Мінску на Усебеларускім з’ездзе пісьменнікаў у чэрвені 1934 года.
Свой юбілей Саюз пісьменнікаў Беларусі адзначае шэрагам разнастайных мерапрыемстваў. На адрас творчай арганізацыі працягваюць паступаць віншаванні. Самае галоўнае — ад кіраўніка дзяржавы, якое ўручыў учора прадстаўнікам творчай супольнасці намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў.
— Мы неаднойчы сустракаліся з вамі на розных мерапрыемствах. Правялі шмат канструктыўных круглых сталоў, выпрацавалі пэўныя падыходы, якія вы паспяхова на працягу ўсяго гэтага перыяду рэалізоўваеце, — звярнуўся ён да прысутных.
Сярод заснавальнікаў творчай арганізацыі некалі былі яркія майстры слова Якуб Колас, Янка Купала, Міхась Чарот, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Пятрусь Броўка, Кандрат Крапіва... У шэрагах творчага аб’яднання сёння таксама шмат таленавітых літаратараў. Вядзецца актыўная работа па іх падтрымцы на розных узроўнях. Праходзяць прэзентацыі кніг, творчыя сустрэчы, арганізоўваюцца дыскусійныя клубы, ладзяцца разнастайныя конкурсы, дзе можна прадэманстраваць свае здольнасці і талент.
— 90-годзе — гэта значная падзея ў культурным і літаратурным жыцці не толькі творчага саюза, але і ўсёй нашай краіны і міжнароднай супольнасці. Таму што ў нас вельмі плённыя, шырокія літаратурныя сувязі з многімі пісьменніцкімі арганізацыямі — Расіі, Кітая, іншых краін. І гэтыя творчыя сувязі выліваюцца ў пераклады, выданне сумесных зборнікаў, удзел у міжнародных фестывалях і г. д. Таму такая падзея — гэта яшчэ адна магчымасць падсумаваць тое, што зроблена, зазірнуць наперад і працаваць, працаваць далей на росквіт нашай літаратуры, культуры і краіны, — адзначае старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Міхась Пазнякоў. — Планы ў нас вялікія і па развіцці нацыянальнай літаратуры, і па пошуку юных таленавітых літаратараў. Пастаянна мы праводзім разнастайныя конкурсы, каб заахвоціць юных паэтаў, празаікаў, публіцыстаў. Сёлета яны прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Штогод праводзім конкурс «Славянскі калейдаскоп», прысвечаны Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. Ёсць у нас літаратурны конкурс Міколы Мятліцкага, нашага класіка, які шмат зрабіў для нацыянальнай літаратуры. Гэты конкурс мы праводзім сярод маладых літаратараў, якія пішуць менавіта на беларускай мове. І на рускай мове ў нас пішуць многія таленавітыя майстры слова. І ўсё гэта ў суме — важкая частка нашай нацыянальнай культуры.
Адметнай ноткай сустрэчы стала таксама ўручэнне членскага білета СПБ маладому аўтару Лізавеце Бычыкавай (псеўданім Лізавета Саевіч). Дзяўчына працягвае пісьменніцкую дынастыю сваёй сям’і: яе дзядуля і бацька — таксама пісьменнікі.
— Уступленне ў Саюз пісьменнікаў Беларусі для мяне гэта — вялікі гонар. Мне прыемна, што мая праца была заўважана і высока ацэнена. Так склалася, што я працягваю пісьменніцкую традыцыю ў маёй сям’і, таму буду і надалей рабіць гэта годна і адказна, — адзначыла Лізавета.
Таксама дзяўчына заўважыла, што Саюз пісьменнікаў Беларусі дае вялікую падтрымку на старце для маладых літаратараў: «У гэтай супольнасці таленавітыя людзі знаходзяць штуршок для творчасці, дзякуючы чаму ў перспектыве многія пісьменнікі робяць упэўненыя крокі ў літаратуру».
Алена ДРАПКО
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси