Літаратурныя масты: Башкартастан-Беларусь


Літаратурныя масты: Башкартастан-Беларусь

10.06.2024                                                          Новости


Уфімскі кніжны кірмаш «Кітап-Байрам» стаў знамянальным святам Кнігі і сяброўства. Прыемна ўсведамляць, што ў Башкартастане ведаюць і любяць Беларусь, а культурныя сувязі паміж двума народамі ўмацоўваюцца.

Кніжны форум пачаўся з урачыстай цырымоніі адкрыцця. У сваім выступленні Кіраўнік Рэспублікі Радзій Хабіраў назваў Башкартастан самым чытаючым рэгіёнам, успомніў знакамітых пісьменнікаў Башкартастана Салавата Юлаева, Мустайа Карыма, Мажыта Гафуры, паэта і асветніка 19-га стагоддзя Міфтакхедзіна Акмулу.

Сярод удзельнікаў кніжнага фэсту – пісьменнікі,  грамадскія дзеячы, мастацтвазнаўцы з рэгіёнаў Расіі і замежных краін – Беларусі, Азербайджана, Кыргызстана, Узбекістана, Таджыкістана, Казахстана.

У першы дзень адбыўся выязны пленум Саюза пісьменнікаў Расіі, які прайшоў пад дэвізам «Сяброўства народаў – сяброўства літаратур». На кірмашы былі прадстаўлены стэнды ад 223 выдавецтваў, але, перш-наперш, я наведала беларускія. Старшыня савета арганізатараў кніжных выстаў і кірмашоў, якія праводзяцца ў дзяржавах-удзельніках краін СНД Дзмітрый Макараў прадстаўляў нашы выдавецтвы. І беларуская кніжная кропка на святочнай карце з першых дзён вылучалася шматлюднасцю і зацікаўленасцю чытачоў. Дзмітрый Макараў распавёў, што некаторыя пакупнікі вярталіся да беларускіх стэндаў зноў і зноў, набывалі кнігі, звязаныя з Беларуссю і яе гісторыяй.

На другі дзень гасцей башкірскай сталіцы сабраў круглы стол «Літаратурныя сувязі: Башкартастан-Беларусь». Шмат цёплых і шчырых прызнанняў прагучала на адрас Беларусі, башкірскія калегі дзяліліся ўражаннямі ад наведвання Мінска, Нацыянальнай бібліятэкі, Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Паэт Зульфія Хананава прачытала вершы сучасных беларускіх паэтаў ва ўласным перакладзе на башкірскую мову і перадала экземпляры розных выданняў з перакладамі беларускіх пісьменнікаў на башкірскую мову ў дар Дзяржаўнаму музею гісторыі беларускай літаратуры.

Дырэктар Музея гісторыі беларускай літаратуры Сяргей Усік расказаў пра літаратурныя сувязі паміж Башкартастанам і Беларуссю. Падчас размовы высветлілася, што ў Башкірыі ведаюць і чытаюць кнігу Уладзіміра Калесніка, Янкі Брыля і Алеся Адамовіча «Я з вогненнай вёскі», успаміналі папулярны ў савецкія часы беларускі часопіс «Работніца і сялянка» і пелі «Купалінку». Канешне, гаварылі і пра агульную Памяць, гераічную абарону Брэсцкай крэпасці. У першыя часы змагання з ворагам праявіў мужнасць і гераізм  чалавек-легенда, ураджэнец вёскі Неміслярава Нурыманаўскага раёна Башкірыі Ісмагілаў Рышат Саліхавіч, які пражыў больш за сто гадоў. Менавіта яму праз два дні пасля пачатку вайны ўдалося прарвацца з вогненнай пасткі крэпасці і выйсці на сувязь з сіламі Чырвонай Арміі. Вярнуўшыся на Радзіму, ён  стаў вядомым педагогам, ахоўнікам Памяці пра подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці.

Цэнтрам прыцягнення для дзяцей і падлеткаў на наступны дзень стала Акмулінская сцэна. Яе ўсталявалі ля  помніка выбітнаму башкірскаму асветніку Акмуле, які па легендзе пасля доўгай дарогі прыйшоў у паселішча. Ля крыніцы прахалоднай вады асветнік сустрэў дзяцей, дастаў кнігу і пачаў чытаць… У гэты дзень башкірскія дзеці зачаравана і, мабыць, упершыню слухалі творы на беларускай мове. З кнігі Алеся Карлюкевіча «Цёплыя назвы Яе Вялікасці Вады» юныя аматары кнігі даведаліся пра прыгажосць нашай Сінявокай краіны. Галоўны рэдактар дзіцячага часопіса «Акбузат» Ларыса Абдуліна прадставіла творы Алеся Карлюкевіча, Алены Стэльмах, Іны Фраловай на башкірскай мове.

А увечары Ларыса Абдуліна правяла для мяне персанальную экскурсію па мясцінах, звязаных з Беларуссю. У мемарыяльным парку ў гонар Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне мы наведалі помнікі  Героям Савецкага Саюза генарал-маёру Тагіру Таіпавічу Кусімаву і генерал-маёру Мінігалі Мінгазавічу Шаймуратаву, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А потым уфінскія дарогі завялі нас на вуліцу, названую ў гонар беларускага класіка Якуба Коласа. Сярод будынкаў, узведзеных у розныя часы, асаблівай арыгінальнасцю вылучалася самабытная хатка, на якой добрыя гаспадары змясцілі зробленую па-майстэрску прыгожа і выразна шыльду з назвай вуліцы.

У завяршальны дзень міжнароднага кніжнага кірмаша запамінальнай падзеяй  стала прэзентацыя «Анталогіі сучаснай беларускай літаратуры», якая выйшла ў свет ў серыі «Полк садружнасці». У выданні творы сарака вядомых беларускіх аўтараў перакладзены на башкірскую мову. Пра трывалую сувязь літаратараў Беларусі і Расіі са сцэны гаварылі старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалай Іваноў, старшыня Саюза пісьменнікаў Башкартастана Айгіз Баймухаметаў.

Ад імя Старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Карлюкевіча я ўручыла Граматы і звярнулася са словамі падзякі да супрацоўнікаў выдавецтва «Кітап» і пісьменнікаў-перакладчыкаў. Кожны з іх дзяліўся сваімі пачуццямі, глыбокім успрыманнем і разуменнем тэкстаў, якія давялося перакладаць, чытаў вершы беларускіх творцаў на башкірскай мове. Пра значны поспех выдання сведчыць і першы прыз у намінацыі «Выданне, якое ўнесла ўклад у дыялог культур» па выніках конкурсу «Кніга года на Зямлі Урал-Батыра», які атрымала выдавецтва «Кітап» імя Зайнаб Біішавай за выдавецка-перакладчыцкі праект.

Ганарліва і велічна ўзвышаецца над бурлівай ракой Белай Манумент нацыянальнаму герою Салавату Юлаеву, гасцінна сустрэла башкірская зямля ўдзельнікаў кніжнага форуму. І няхай усе кніжныя рэкі сцякаюцца ў акіян Сяброўства і паразумення, а на яшчэ не кранутых пяром белых старонках напішуцца новыя значныя творы, захаваюцца важныя вехі садружнасці народаў.

Таццяна Дземідовіч

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси