Ты да я, да мы с тобой!


Ты да я, да мы с тобой!

07.06.2024                                                          Новости


У першыя дні лета ў філіяле сталічнай бібліятэкі № 3 імя У.Маякоўскага і кнігі, здаецца, заспявалі. “Ты да я, да мы с тобо-о-ой! Здорово, когда на свете есть друзья-я-я…” – выводзілі выхаванцы прышкольнага лагера СШ № 40 г.Мінска разам з паэтэсай, бардам Таццянай Жылінскай. Легендарная песня беларускага кампазітара Валерыя Іванова пад лёгкі, падбадзёрлівы акампанемент на гітары не пакінула абыякавым анікога. Хлопчыкі і дзяўчынкі не толькі ахвотна спявалі, а яшчэ і развучвалі зусім невядомыя для іх песні, музыку да якіх напісала Таццяна Жылінская. Прыемна было назіраць, як сцішыліся ў задуменні маленькія слухачы, калі гучала песня на словы Міхася Пазнякова “У бары майго дзяцінства”, як радаваліся і хваляваліся за сабаку па мянушцы “Адмірал”. А якія пяшчотныя эмоцыі выклікала гісторыя пра Асоль і яе мару ўбачыць у марской далечы пунсовыя ветразі...

У ходзе гульняў школьнікі даведаліся, што такое музычны рытм. Яны наперабой цягнулі рукі, каб адказаць на пазнавальныя пытанні Таццяны Генадзьеўны, нават пагулялі ў футбол! Інтэлектуальны, праўда, футбол, на кемлівасць.  

Асаблівую цікаўнасць выклікаў музычны інструмент, чароўныя гукі якога авалодалі сэрцамі хлопчыкаў і дзяўчынак. Далікатнымі пальчыкамі яны краналі струны, услухоўваліся ў глыбіню іх мармытання і, здавалася, пачыналі марыць аб сваёй музычнай будучыні. А цяпер… Цяпер шчыра радаваліся знаёмству з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, пераможцай шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных літаратурных конкурсаў Таццянай Жылінскай, з яе захапляльнай творчасцю, а таксама знаёмству з маленькім палацам, дзе мірна жывуць кнігі. Некаторыя хлопчыкі і дзяўчынкі ўпершыню патрапілі ў публічную бібліятэку і не змаглі ўтаіць сваіх уражанняў. Яны адчулі ўтульнасць, дабратворную атмасферу, ветлівасць. А, можа, пачулі, як разам з імі спяваюць кнігі?

 

Таццяна Каленік

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси