Творчы вечар беларускага пісьменніка Аляксандра Кавалёнка адбыўся ў літаратурным клубе “Шчырасць”


Творчы вечар  беларускага пісьменніка Аляксандра Кавалёнка адбыўся ў літаратурным клубе “Шчырасць”

05.12.2017                                Новости 


Творчы вечар  беларускага пісьменніка Аляксандра Кавалёнка адбыўся ў межах чарговага пасяджэння літаратурнага клуба “Шчырасць”, што працуе на базе сталічнай бібліятэкі № 22. Галоўны герой сустрэчы - член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, грамадскі дзеяч, старшыня літаратурнага аб’яднання  “Пламя”, аўтар шматлікіх кніг паэзіі і прозы.

На сустрэчу завіталі пастаянныя члены клуба, навучэнцы будаўнічага каледжа, курсанты ваенна-тэхнічнай кафедры БНТУ, сябры творчай суполкі: вядомы беларускі паэт Фёдар Баравы і галоўны рэдактар міжнароднага часопіса “Безопасность: наука и технологии”,  паэт, пісьменнік, публіцыст Валерый Калінічэнка (г. Масква).

Цёплыя словы ў адрас творцы выказаў старшыня Мінскага гарадского аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік літаратурнага клуба “Шчырасць”, старшыня таварыства дружбы “Беларусь–Расія” Міхась Пазнякоў. Аляксандра Васільевіча ён прадставіў публіцы як чалавека незвычайнага лёсу з узнёслай душой, майстра сваёй справы.

Падчас сустрэчы ў госця атрымаўся пранікнёны дыялог з публікай пра любоў да роднага краю, мовы, радзімы.Яго творы аграненыя сардэчным цяплом, душэўным уздымам, шчырай любоўю. Аляксандр Кавалёнак распавёў пра літаратурную дзейнасць, прадставіў гледачам уласныя вершы. Паэзія Аляксандра Васільевіча змусіла ўсіх прысутных яшчэ раз праверыць сваё месца ў жыцці, задумацца над бегам часу, засяродзіцца над асабістымі адчуваннямі плыні гадоў, якія імкліва бягуць наперад.

Творчую атмасферу вечара падтрымала артыстка эстрады – Вольга Багушыньска, якая па-майстэрску прадставіла некаторыя творы Аляксандра Кавалёнка: “Осенняя прогулка”, “Весне”, “Вечер”, “Любовь и Вечность” і іншыя.

Напрыканцы аўдыторыя задавала пытанні, атрымлівала цікавыя адказы. Лепшай узнагародай паважанаму госцю былі шчырыя, захопленыя позіркі і апладысменты гледачоў. 

Раіса ГРАБЛЮК

Фота аўтара