Вечар памяці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, паэта Валянціна Лукшы


Вечар памяці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, паэта Валянціна Лукшы

23.11.2017                            Новости


У сталічнай дзіцячай бібліятэцы №1 адбыўся вечар памяці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Валянціна Лукшы. Мерапрыемства было прымеркавана да 80-годдзя з дня нараджэння вядомага паэта, публіцыста, драматурга і перакладчыка. Доўгі час Валянцін Антонавіч узначальваў выдавецтва “Юнацтва”, быў яго арганізатарам. Яно выдавала кнігі на 18 мовах свету, якія пастаўляліся ў 110 краінах. Шмат таленавітых твораў паэтаадрасавана дзецям, як дашкольнікам, малодшым школьнікам, так і падлеткам ды юнакам.

Успомніць свайго старэйшага таварыша і калегу ў бібліятэку завіталі вядомыя пісьменнікі. І тыя, хто з ім працаваў доўгі час, і тыя, хто актыўна друкаваўся і супрацоўнічаў з “Юнацтвам”. А гэта — былы галоўны рэдактар выдавецтва “Юнацтва”, Міхась Пазнякоў, які вёў вечарыну, і былы вядучы літаратурны рэдактар гэтага выдавецтва Уладзімір Мазго, а таксама Мікола Чарняўскі, Іван Стадольнік, Ніна Галіноўская. Вучні гімназіі №42 і настаўніца беларускай  мовы і літаратуры Антаніна  Іванаўна Гулякевіч, якая добра ведала Лукшу В. А., прачыталі вершы паэта.

Прысутныя пачулі многа цікавага пра яго жыццёвы і творчы шлях з вуснаў калег па творчасці. Галоўнай высновай якіх было наступнае: “Людзі, якія зрабілі шмат добрага для народа, для краіны, шмат шчыравалі дзеля яе культуры, яе развіцця і аўтарытэту на міжнароднай арэне, заўсёды застаюцца з намі і жывуць у сваіх добрых справах і адметных здабытках”.

Напрыканцы імпрэзы прагучала песня на словы В. Лукшы, музыку І. Лучанка “Стаяць на рэйдзе нашы брыганціны” у выкананні В. Вуячыча.

Супрацоўнікамі бібліятэкі была разгорнута выстаўка  кніг В. А. Лукшы, якія і сягоння карыстаюцца попытам у чытачоў.

Міхась ПАЗНЯКОЎ

Фота аўтара