21.04.2024 Новости
У Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, заслужаны дзеяч культуры краіны Уладзімір Гаўрыловіч правёў адразу два ўрокі ў грамадскай Школе міру, мужнасці і патрыятызму для вучняў агульнаадукацыйных школ горада Гомеля.
Заняткам папярэднічалі пазнавальныя экскурсіі ў Музеі літаратуры Гомельшчыны, якія правялі супрацоўнікі краязнаўчага аддзела абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна. Старшакласнікі некалькіх школ горада над Сожам таксама пазнаёміліся і з імправізаванымі выставамі малюнкаў школьнікаў рэгіёна, прысвечаных творчасці пісьменніка-земляка Івана Сяркова (да 95-годдзя са дня нараджэння) і па матывах твораў сучасных гомельскіх творцаў (па выніках конкурсу “Родныя вобразы. Вясёлка над Гомельшчынай” 2024 года). Затым у чытальнай зале сектара славянскай літаратуры пачаргова Уладзімір Гаўрыловіч працаваў з двума групамі старшакласнікаў. І тэм для абмеркавання было шмат.
Так, размова ішла пра агрэсіўную палітыку заходніх краін па зносе помнікаў савецкім салдатам, нівеліраванне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Народны выбраннік распавёў пра прынятую днямі заяву Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі аб поўнай нязгодзе з заходняй рыторыкай. У прыватнасці, ён адзначыў, што палітыка шэрагу заходніх дзяржаў, старанна ваюючых з помнікамі, адрозніваецца асаблівым цынізмам і накіравана на сціранне памяці пра подзвіг савецкіх людзей, якія ахвяравалі сваімі жыццямі ў імя збавення народаў гэтых дзяржаў ад нацызму. А калі б не было гераізму савецкага салдата, не было б і тых, хто цяпер імкнецца звесці да нуля памяць аб Вялікай Перамозе, перакананы пісьменнік.
Размова на уроках ішла і пра дасягненні беларусаў у космасе, а таксама пра стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, якія прыме 24-25 красавіка Усебеларускі народны сход.
Гэтаксама вядомы пісьменнік і публіцыст падзяліўся са старшакласнікамі творчымі набыткамі пісьменнікаў Гомельшчыны, прысвечаных тэме подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама распачатага гітлераўцамі ў 1941-45 гадах генацыду беларускага народа. У прыватнасці, літаратар адзначыў, што для яго гэтыя тэмы таксама сталі магістральнымі ў мастацкай творчасці.
У.Гаўрыловіч пазнаёміў юных гамяльчан і іх педагогаў са сваімі творамі апошніх гадоў – раманамі “Па веры вашай…” і “Любі бліжняга свайго…”, драматычнай аповесцю “Я таксама сын чалавечы” і аповесцю “Пад покрывам нябёсаў”, адказаў на пытанні слухачоў, заклікаў іх любіць сваю Радзіму, дбаць пра мір на зямлі.
Многія юныя слухачы пасля такіх урокаў-творчых сустрэч падыходзілі да творцы і дзякавалі за цікавы расповед і гутарку. Значыць, праца народнага выбранніка і пісьменніка была не дарэмнай.
Улад ПРЫАЗЁРНЫ
На здымках: у час заняткаў у грамадскай Школе міру, мужнасці і патрыятызму ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І.Леніна.
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси