
16.04.2024 Новости
Адбылася сустрэча старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяны Дземідовіч з вучнямі сярэдняй школы пасёлка Мухавец.
Таццяна Дземідовіч распавяла пра сваю творчасць і прататыпаў галоўных герояў дзіцячых кніг «Эх, Ромашкин!» і «МармеЛадное лето», пазнаёміла школьнікаў з літаратурным часопісам «Маладосць», газетай «Літаратура і мастацтва». Было прыемна даведацца, што вучні сёмага класа з захапленнем чытаюць часопіс для падлеткаў «Бярозка».
Сустрэча прайшла ў фармаце жывой размовы пра першыя прыступкі ў творчасці, уменні знаходзіць цікавыя сюжэты ў жыцці і адкрываць для сябе глыбіні твораў класікаў.
Таццяна Дземідовіч распавяла пра пісьменнікаў Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ, іх літаратурныя здабыткі, значныя дасягненні. Падчас выступлення госця падарыла школьнай бібліятэцы кнігу з серыі «Сучасная беларуская літаратура» «Размова з люстэркам», у якую ўвайшлі яе апавяданне і твор таленавітай пісьменніцы з Камянеччыны Настассі Нарэйкі.
Вучні сярэдняй школы пасёлка Мухавец не раз былі ў пераможцах літаратурных конкурсаў, якія ладзіць Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Прафесіяналізм настаўнікаў-філолагаў дапамагае адораным дзецям знаходзіць свае сцяжынкі да творчасці. Падчас сустрэчы ўзнікла ідэя зрабіць знаёмствы з паэтамі і празаікамі сістэматычнымі і нават наведаць з экскурсіяй літаратурныя мясціны г. Брэста.
Па інфармацыі Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси