
16.04.2024 Новости
Дзяржаўны пагранічны камітэт Рэспублікі Беларусь ужо больш шасці гадоў назад наладзіў супрацоўніцтва з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. З той пары сустрэчы пагранічнікаў і літаратараў сталі добрай традыцыяй. У сераду, 10 красавіка, з ваеннаслужачымі пагранічных застаў Ярэва і Лынтупы, што на Пастаўшчыне сустрэўся пісьменнік, краязнавец і педагог Ігар Пракаповіч. З сабой у Ярэва ён прывёз шэраг уласных краязнаўчых і паэтычных кніг: “Чароўны край — Пастаўшчына”, “Край беларускага сэрца — Мядзельшчына”, “Астравы існасці”, “Рэха малітвы”, “Шляхі наканаванага бязмежжа” і іншыя. Зрабіў своеасаблівую прэзентацыю сваіх апошніх выданняў: паэтычных зборнікаў “Сферы”, “Альфа і Амега”, жартоўнай кніжачкі “Рыбалка ў стылі “Сюр”.
Пісьменнік расказаў пра сваю творчасць, пазнаёміў прысутных з пошукамі ўласнага радаводу, які ён “раскапаў” да сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя. Была закранута тэма і Вялікай Айчыннай вайны. Гісторыі дзядоў Ігара Міхайлавіча, адзін з якіх быў расстраляны і спалены фашыстамі ў 1943 годзе, глыбока ўразілі салдат.
Расказаў пісьменнік і пра найбольш цікавыя адметнасці Пастаўшчыны. Салдатам, якія прыехалі служыць у Лынтупы з розных рэгіёнаў Беларусі, сапраўды было цікава даведацца пра край, у якім яны апынуліся.
Пісьменнік падкрэсліў, што вельмі важна берагчы мір і спакой на зямлі, мову і культуру, якія засталіся нам у спадчыну ад продкаў.
Прэс-цэнтр Віцебскага абласнога аддзялення ГА “СПБ”
ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси