“Місіянерства роднай мовы”. Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан прыняў удзел у рэспубліканскіх урачыстасцях у гонар нацыянальнага класіка


“Місіянерства роднай мовы”. Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан прыняў удзел у рэспубліканскіх урачыстасцях у гонар нацыянальнага класіка

09.11.2017                           Новости 


У 31-ы раз напярэдадні дня нараджэння Народнага Песняра ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі ў Мінску сабраліся навукоўцы, супрацоўнікі даследчых інстытутаў, бібліятэк і музеяў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і прафесійных саюзаў, шэрагу замежных пасольстваў.

Доўга можна пералічваць званні і пасады ўдзельнікаў, іх працы ў развіццё коласазнаўства. Сярод грунтоўных дакладаў тым больш яскравым было выступленне Уладыкі Сцяфана. Архіерэй расказаў аб першай настаўніцы; у дзяцінстве завучаным на памяць вершы Якуба Коласа, што гатовы прачытаць і цяпер; аб сваім “місіянерстве роднай мовы”, што нясе па жыцці.

Простыя і шчырыя словы знайшлі жывы водгук у прысутных. Гэта адзначалі ганаровыя госці ХХХІ Міжнароднай канферэнцыі “Каласавіны” – член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец; член праўлення Ленінградскага аб’яднання Саюза пісьменнікаў Расіі Сяргей Юр’евіч Порахаў (Санкт-Пецярбург) (дарэчы, ён узначальваў групу паэтаў, якія ўпершыню пераклалі паэму “Сымон- музыка” на рускую мову, - выдатны падарунак юбілею Якуба Коласа!); вучоны сакратар Літаратурна-мемарыяльнага музея Анастасіі і Марыны Цвятаевых (Аляксандраў, Падмаскоўе) Вікторыя Лявонцьеўна Калеснік; намеснік дырэктара Смаленскай абласной універсальнай навуковай бібліятэкі імя А.Т. Твардоўскага Алена Уладзіміраўна Горбуль; дырэктар Літаратурнага музея А.С. Пушкіна Надзея Фадзееўна Петраўскене (Вільнюс, Літва) і іншыя.

Такім жа простым і шчырым быў падарунак з палескай зямлі, што па традыцыі падрыхтавала дэлегацыя Лунінецкага раёна. Па просьбе настаяцеля Бастынскага Свята-Параскевінскага храма протаіерэя Іаана Пятрэнкі каравай з каласкамі выпекла мясцовая майстрыха Любоў Аляксандраўна Лышчык. Дырэктару Дома Коласа Зінаідзе Мікалаеўне Камароўскай бастынскі пачастунак уручыў Міколка Пятрэнка, другакласнік СШ №2 г. Лунінца. Светлагаловы хлопчык сімвалічна ўвасабляў масток, злучыўшы пакаленні прыхільнікаў таленту Якуба Коласа.

 

“Спяшайцеся з паэтам стрэцца…”

Такую назву меў канцэрт, які 3 лістапада адбыўся ў Малой зале імя Рыгора Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Эфект прысутнасці Народнага Песняра стварала аб’ёмнае афармленне сцэны, аздобленай палатном жытнёвай нівы. Якуб Колас сядзеў на крэсле з хітрай усмешкай і быццам назіраў за гасцямі.

Міністр культуры Юрый Бондар зачытаў юбілейнае віншаванне ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

Пранікнёнасць і жартоўнасць спалучыў у сваёй прамове паэт Мікола Маляўка – земляк Якуба Коласа. Шчырыя апладысменты суправаджалі выступленне малодшага сына Народнага Песняра – 92-гадовы Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч чытаў вершы бацькі і дзяліўся ўспамінамі аб ім. Асаблівае ўражанне пакінулі словы першага намесніка старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алены Стэльмах – яскравае сведчанне таго, што сучасная літаратура багатая на творчых нашчадкаў нацыянальнага класіка.

Цудоўныя спевакі і музыканты рознымі відамі мастацтва ўшаноўвалі юбіляра. Артысты ўвасаблялі на сцэне ўспаміны з дзённікаў Якуба Коласа. Гучаў і тэкст яго ліста, накіраванага былым вучням у Пінкавічы.

З цікавасцю слухалі праграму архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан, іераманах Агафангел (Аца Будзішын) з Сербіі, кіраўнікі аддзелаў Пінскай епархіі іерэй Іаан Гарбуноў і іерэй Сергій Плотніцкі. Прадстаўнікі грамадскасці адзначалі, што ўпершыню ў Коласаўскіх урачыстасцях прымала ўдзел дэлегацыя духавенства (дарэчы, пазней гасцінна прынятая сям’ёй Народнага Песняра).

Літаратурнае свята “Каласавіны ў Багданаўцы”, што ў вёсцы праводзяць 30 верасня, гарманічна спалучае конкурс юных чытальнікаў вершаў Якуба Коласа ў школе і выступленне пераможцаў у мясцовым храме. На рэспубліканскія ўрачыстасці ў сталіцу ўпершыню была запрошана дырэктар Багданаўскай СШ Алена Аляксандраўна Ярмольчык, якая захаплялася сустрэчай з прадстаўнікамі навуковай і творчай эліты краіны.  

 

“То – водгулле душы паэта…”

На трэці дзень рэспубліканскіх мерапрыемстваў адбылося знаёмства гасцей з малой радзімай Народнага Песняра – у філіяле сталічнага музея. Шляхамі Коласа па “Мікалаеўшчыне” Стаўбцоўскага раёна прайшлі ўдзельнікі свята паэзіі, песні і народных рамёстваў.

Своеасаблівае “паломніцтва” па Коласавых мясцінах Уладыка Сцяфан ажыццявіў у пачатку залатой восені. 4 лістапада архіерэй служыў Боскую Літургію ў Пінскім храме Уваскрэсення Славушчага. Натуральным блаславеннем пачыналіся і завяршаліся юбілейныя ўрачыстасці ў гонар Якуба Коласа, на памяць удзельнікам пакінуўшы засушаны дубовы лісток з партрэтам Народнага Песняра і яго запавет: “Я прыйшоў у жыццё… дзеля вас”.

Таццяна КАНАПАЦКАЯ.

Фота аўтара