
27.02.2024 З юбілеем!
Нарадзіўся Расціслаў Мацвеевіч ў вёсцы Стрыганец Жабінкаўскага раёна ў сялянскай сям’і, скончыў Ракітніцкую сярэднюю школу, філфак Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Настаўнічаў у Бастынскай СШ Лунінецкага і Азяцай СШ Жабінкаўскага раёнаў. З 1974 па 2009 год працаваў ў рэдакцыі жабінкаўскай раённай газеты “Сельская праўда”.
Пачаткам літаратурнай дзейнасці лічыць 1970 год. Калі перыядычныя рэспубліканскія выданні сталі друкаваць ягоныя апавяданні і казкі. Расціслаў Бензярук – паэт, празаік, перакладчык, эсэіст. Лепшыя апавяданні і казкі пісьменніка ўвайшлі ў школьныя дапаможнікі і падручнікі. Творы Р.М. Бензерука перакладаліся на рускую, украінскую, славацкую мовы. Аўтар сямнаццаці кніг прозы і паэзіі.
У 2006 г. пісьменнік стаў пераможцам абласнога конкурсу сярод журналістаў на лепшы нарыс у намінацыі «Наш сучаснік». У 2008 г. стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка ў намінацыі «Дзіцячая літаратура». У 2012 г. за актыўнае супрацоўніцтва з часопісам «Вясёлка» ўганараваны прэміяй імя Васіля Віткі.
З аўтабіяграфічным выданнем «Сустрэча ў зялёным жыце» (2020) Расціслаў Бензярук увайшоў у лік лаўрэатаў абласнога літаратурнага конкурсу «Духоўная веліч» у намінацыі «Мастацкая проза». У 2023 г. па выніках конкурсу апавяданняў на старонках рэспубліканскай газеты «Звязда» Расціслаў Бензярук з апавяданнем «Клоўн Кузёмка» атрымаў першае месца. Узнагароджаны дыпломам пераможцы краязнаўчага конкурсу «Берасцейскія пісьменнікі – летапісцы роднага краю» (2023) за артыкул, прысвечаны творчасці жабінкаўскага паэта Уладзіміра Кітаеўскага.
Паважаны Расціслаў Мацвеевіч! Сардэчна віншуем Вас з юбілеем! Ад усяго сэрца жадаем Вам самага галоўнага і каштоўнага: няхай будзе ў Вас заўсёды моцнае здароўе, шчасце, мноства прычын для радасці, сямейны дабрабыт, лад і згода. Цеплыня і святло, натхненне для новых здзяйсненняў!
Калегі па пяры Брэсцкага абласнога аддзялення
Саюза пісьменнікаў Беларусі