6 лютага на Магілёўшчыне адзначылі 110-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова


6 лютага на Магілёўшчыне адзначылі  110-годдзе з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова

07.02.2024                                                          Новости


У Касцюковіцкім раённым Цэнтры культуры адбылася літаратурна-музычная вечарына «Я на ўсё жыццё абраў дарогу…»,  у якой прынялі ўдзел старшыня Касцюковіцкага раённага Савета дэпутатаў Ларыса Герасімава, намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Манушэнка, дырэктар Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна Ілона Сарокіна, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Аляксандр Казека, паэтка, член СПБ Наталля Азаранка, а таксама навучэнцы школ і землякі Аркадзя Куляшова.

Імя Аркадзя Куляшова вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Народны паэт Беларусі ўнёс неацэнны ўклад у літаратурную спадчыну, а яго творы перакладзены на многія мовы свету і ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры.

За сваё доўгае жыццё Аркадзь Куляшоў здолеў пакінуць неацэнную па глыбіні і паўнаце паэтычную спадчыну, якой хопіць на многія пакаленні наперад. З гадамі вершы і паэмы Аркадзя Аляксандравіча не губляюць сваёй вастрыні і актуальнасці, яны сугучныя часу, сапраўды народныя. У іх паэт апявае вечныя чалавечыя каштоўнасці – любоў да Радзімы, да свайго народа і яго гераічнага мінулага, уся яго творчасць пранізвае любоў да роднай прыроды.

У ходзе літаратурна-музычнага вечара прагучалі несмяротныя творы паэта ў выкананні артыстаў раённага Цэнтра культуры, членаў народнай студыі аматарскай літаратурнай творчасці «Крынічка».

Сваё відэапрывітанне адрасаваў усім гасцям мерапрыемства рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова Дзяніс Дук.

Працаваў Аркадзь Куляшоў самаахвярна, аддаючы паэзіі ўсё сваё жыццё. Зборнік за зборнікам, паэма за паэмай, новыя пошукі, а зытым і поспехі. За сваю працу Аркадзь Куляшоў атрымаў шмат дзяржаўных прэмій, узнагарод. Ганаровае званне народнага паэта БССР было прысвоена ў 1968 годзе.

Для ўсіх беларусаў творы Аркадзя Куляшова маюць асаблівую каштоўнасць. Па-ранейшаму моцна і прыгожа гучыць над радзімай старонкай яго голас, жыве яго слова, спявае паэтава душа.

Аляксандр КАЗЕКА, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі»:

– На Касцюковіцкай зямлі нарадзіліся вельмі таленавітыя людзі. І таму я заўсёды з жаданнем прыязджаю сюды, а дадому вяртаюся з ураджаннямі. Дзякуй усім арганізатарам гэтага мерапрыемства, вядучым, артыстам, якія закранулі ўсе струны душы.

Лёс Аркадзя Куляшова быў складаным – у яго жыцці была вайна. А ў нас няма. Зразумейце толькі, якое гэта шчасце! Аркадзь Куляшоў пісаў пра шматлікія важныя рэчы. Яго творчасць павінна жыць не проста на паперы ў бібліятэцы, а ў вашых сэрцах, быць на вашых вуснах. Гэта не толькі наша гісторыя, гэта наша будучыня. З’яўляючыся кіраўніком пісьменніцкай арганізацыі, куды ўваходзіць 41 чалавек, я бачу, як сучасныя пісьменнікі працягваюць гэтыя існуючыя каштоўнасці, якія нёс і Куляшоў. У гэтым і ёсць вечнасць літаратуры, вечнасць усяго жыцця.

 

У гэты ж дзень у Горацкім раённым гісторыка-этнаграфічным музеі была прадстаўлена  літаратурна-музычная кампазіцыя  «І вечнасць радка, як вечнасць жыцця…».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Алеся Цэван і Наталля Ніканчук, супрацоўнікі ўстаноў культуры, ветэраны працы, вучні гарадскіх школ, студэнты БДСГА.

  Літаратурна-музычную кампазіцыю суправаджала мультымедыйная прэзентацыя, дзе былі прадстаўлены фотадакументы і відэаматэрыялы аб жыцці і творчасці Аркадзя Куляшова. Прысутныя пазнаёміліся з багатай творчай спадчынай выдатнага паэта. У ходзе мерапрыемства гучалі не толькі вершы Аркадзя Куляшова і песні, напісаныя на яго словы, але  і вершы-прысвячэнні члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталлі Азаранкі «Да 110-годдзя з дня нараджэння Аркадзя Куляшова» і горацкай паэтэсы Лідзіі Андрэевай «Памяць». Свой верш прысвяціла паэту таксама і член народнага  літаб’яднання “Роднае слова” Людміла Дзёменская.

Ад імя Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі  выступіла Наталля Ніканчук. Яна засяродзіла ўвагу прысутных на тым, што на Магілёўшчыне ўшаноўваецца памяць знакамітага земляка. Імeм Аркадзя Куляшова нaзвaны дзяржаўны ўніверсітэт і вуліца ў Магілёве, дзейнічае літаратурны музей народнага паэта ў вёсцы Новыя Саматэвічы Касцюковіцкага раёна. З мэтай папулярызацыі творчасці Аркадзя Куляшова Магілёўскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі разам з МДУ імя А.А.Куляшова праводзіцца штогадовы літаратурны конкурс “І кружыцца планета Куляшова”.

“Пісаць вершы Аркадзь Куляшоў пачаў вельмі рана, і той факт, што ў чатырнаццаць год ім быў напісаны знакаміты верш «Бывай…», гаворыць аб тым, што ў гэтым юным узросце ён ужо быў сапраўдным паэтам. Далейшы лёс Аркадзя Куляшова правёў яго дарогамі вайны, ён вучыўся, займаў розныя адказныя пасады як у нашай краіне, так і за яе межамі. І ўвесь гэты час ён пісаў, не расставаўся з пяром і паперай. «Аркадзь Куляшоў пісаў як дыхаў: штодня, упарта, настойліва, гаварыў аб самым набалелым, аб тым, што адбывалася навокал. Яго мова простая і зразумелая. Куляшоў  – наватар у вершаскладанні: ён прымяніў формы, якія ў той час выкарыстоўвалі рускамоўныя аўтары, да нашай беларускай мовы», – адзначыла пісьменніца.

Алеся Цэван, член Саюза пісьменнікаў Беларусі: “Паэзія Аркадзя Куляшова напоўнена вобразамі і разважаннямі аб сэнсе чалавечага жыцця, аб сувязі з прыродай. Яго вершы прасякнуты вельмі глыбокімі думкамі і перажываннямі. У іх мы бачым шлях аўтара, яго разуменне таго, што адбываецца ў чалавеку і ў навакольным свеце:

Я – трэці свет, я кропелька малая

Тых светаў двух – звычайны чалавек,

Што неба і зямлю ў сабе змяшчае

І ў свет адзін злучае іх навек.

Па словах Людмілы Дзёменскай, Аркадзь Куляшоў для яе, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, асацыіруецца перш за ўсё з урокамі літаратуры ў школе. «Творы на грамадзянска-патрыятычную тэматыку, вершы аб каханні, аб подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны займаюць асноўнае месца ў праграмнай літаратуры. Асабліва хачу адзначыць верш «Спакойнага шчасця не зычу нікому…» , які прымушае задумацца вучняў над адным з асноўных філасофскіх пытанняў: а ці ёсць яно, спакойнае, шчасце, і ці прыносіць яно асалоду чалавеку? У выніку роздуму і пошукаў вучні засвойваюць ісціну: спакойнага шчасця не бывае. Калі ў паэта ёсць такія вершы, то яго можна назваць найвышэйшым культурным дзеячам і Чалавекам», – адзначыла Людміла Уладзіміраўна.

На кожным мерапрыемстве былі прадстаўлены літаратурныя выставы з кнігамі паэта, яго пераклады  А. Пушкіна, М. Лермантава, І. Катляроўскага, К. Куліева і інш.

Таксама прайшоў шэраг мерапрыемстваў ва ўніверсітэце імя А.А.Куляшова, бібліятэках і ўстановах адукацыі вобласці.

Спадчына народнага паэта Беларусі, славутага сына Магілёўшчыны Аркадзя Куляшова – адна з яркіх старонак у гісторыі беларускай паэзіі. Творы яго па-ранейшаму знаходзяць гарачы водгук у сэрцах чытачоў.

 

Прэс-служба Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси