19.01.2024 Конкурс
Аб’яўлены рэспубліканскі літаратурны конкурс імя Яўгеніі Янішчыц “Жывём, як светлай памяці зарок” на лепшы паэтычны зборнік.
Яго мэты – прывіццё любові да роднага краю, зберажэнне гістарычнай спадчыны беларускага народа, папулярызацыя лепшых сучасных паэтычных твораў, прыцягненне ўвагі шырокай грамадскасці да важнасці айчыннай літаратуры, у тым ліку творчай спадчыны Я. Янішчыц.
У якасці арганізатараў конкурсу выступаюць Брэсцкае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага пры падтрымцы Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама.
З 1 лютага па 15 мая бягучага года на конкурс прымаюцца паэтычныя зборнікі 2022-2024 гадоў выпуску на рускай і беларускай мовах з аўтарскімі аўтографамі. Ад аднаго аўтара ад 18 гадоў, што жыве на тэрыторыі Беларусі, – не больш як 1 аўтарская кніга (у 2 экземплярах). Важна: не разглядаюцца кнігі, раней узнагароджаныя на міжнародных, рэспубліканскіх і абласных творчых спаборніцтвах!
Да конкурснай работы дадаецца заяўка, у якой указваюцца кароткія біяграфічныя звесткі аўтара, месца яго пражывання і кантактны тэлефон.
Пераможцы будуць вызначаны да 1 верасня сёлета. Уганараванне іх адбудзецца ў рамках святкавання ХХХІ Дня беларускага пісьменства ў Івацэвічах. Кнігі дасылаюцца на адрас Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі: 224013, г.Брэст, пр-т Машэрава, 75\1, к.605.
Конкурсныя кнігі з аўтографамі аўтараў будуць перададзены на захаванне ў фонды Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага.
Брэсцкае абласное аддзяленне
Саюза пісьменнікаў Беларусі
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси