Сустрэча ў Доме Коласа


Сустрэча ў Доме Коласа

16.11.2023                                                          Новости


16 лістапада ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася прэзентацыя кніжнага выдання “Верасок”, якое сёлета пабачыла свет у ВД “Звязда”.

Укладальнік і адзін з шасцідзесяці аўтараў кнігі паэтэса Іна Фралова расказала вучням 69 сталічнай школы з якіх раздзелаў складаецца чытанка. Пасля  распавяла пра вядомых аўтараў, з творамі якіх школьнікі ўжо сустракаліся ў школьных падручніках. Спыніла ўвагу на асобе Уладзіміра Іванавіча Матвеенкі, пісьменніка, які перажыў разам з матуляй і маленькай сястрычкай нямецка-фашыскую акупацыю ў Мінску. Згадала гісторыю з жыцця пісьменніка пра жменьку макарон, што падалася, згаладаламу і знясіленаму хлапчуку ў ваенны час, найзвычайнай смакатой.

Таксама згадала іншых аўтараў чытанкі, чыё дзяцінства таксама было апалена вайной ці выпала на цяжкі пасляваенны час: Ніну Галіноўскую, Мікалая Маляўку, Мікалая Чарняўскага, Казіміра Камейшу, Расціслава Бензярука...

У выкананні Мечыслава Лайшы Лаўрэата Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”прагучала вершаваная казка Мікалая Маляўкі “Пра Яся-асілка і Змея трохгаловага”.

Мікалай Маляўка падпісаў юнаму таленту адну са  сваіх кніг і падзяліўся  шчымлівымі ўспамінамі з уласнай біяграфіі: страту маленькай сястрычкі ў час ваеннага ліхалецця, бежанку Грыпіну Громаву, якая была цудоўная расказчыца і адкрыла яму свет да паэзіі і літаратуры наогул.

З цікавасцю слухалі вучні і гісторыю Міколы Маляўкі пра набыццё першай у сваім жыцці кнігі казак, якую, на вялікі жаль, “зачыталі” вясковыя дзеці-равеснікі.   

Уключылася ў размову Васіліна Міцкевіч –праўнучка вялікага песняра. Яна распавяла пра творы, якія Якуб Колас пісаў для дзяцей і запрасіла школьнікаў яшчэ раз наведаць музей.

Напрыканцы мерапрыемства ў выкананні яшчэ аднаго юнага чытальніка – Елісея Удавічэнка прагучалі творы Іны Фраловай і Віктара Шніпа з прэзентаванай кнігі.

 

Ганна Старадуб