Яўгену Соцікаву - 90!


Яўгену Соцікаву - 90!

14.11.2023                                                          Віншуем


15 лістапада члену Саюза пісьменнікаў Беларусі Яўгену Соцікаву спаўняецца 90 гадоў! Нарадзіўся Яўген Анатольевіч Соцікаў ў в.Шмакі Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў Мінскі дзяржаўны політэхнічны тэхнікум і энергетычны факультэт Паўночна-Заходняга завочнага політэхнічнага інстытута (г. Ленінград). З 1943 па 1945 год яму давялося зведаць жахлівы лёс малалетняга вязня фашысцкага канцлагера.

Працоўная дзейнасць пісьменніка, з  1954 па 2002 год, неразрыўна звязана з Магілёўскім металургічным заводзам. Ён прайшоў тут шлях ад начальніка аддзела да галоўнага энергетыка завода. На працягу трох гадоў працаваў на пасадзе парторга завода. З'яўляўся актыўным рацыяналізатарам, узнагароджаны граматамі і сярэбраным медалём Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі.

Пасля выхаду на пенсію  Яўген Соцікаў прысвяціў сваё далейшае жыццё літаратурнай дзейнасці. Першую кнігу «Люди и годы» ён напісаў у 2002 годзе да 75-гадовага юбілею Магілёўскага металургічнага завода. Другая кніга аўтара «Страшно вспоминать» выйшла ў 2004 годзе. Кніга заснавана на дзіцячых успамінах пісьменніка пра час, праведзены ў засценках фашысцкага канцлагера.

У 2005 годзе Яўген Анатольевіч Соцікаў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Яго пяру належаць навукова-папулярныя і публіцыстычныя кнігі: «Люди и годы», 2002; «Страшно вспоминать», 2004; «Следы моей судьбы», 2007; «Райский уголок», 2009; «Свадьба», 2009; «Война глазами детей», 2012; «Люди и годы-80», 2012; «Вселенная вчера, сегодня, завтра», 2016; «Камни небесные и земные», 2017.

У апошнія гады, нягледзячы на пагаршэнне стану здароўя (Я. А. Соцікаў інвалід па зроку), выйшлі дзве яго кнігі: «Энергетика от костра до плазмы», 2020 і «Никола Тесла», 2021.

Літаратурныя інтарэсы Яўгена Соцікава разнастайныя: ад асабістых успамінаў да лёсаў вядомых гістарычных асоб, але асаблівае месца ў яго творчасці займае энергетыка і электрычнасць, бо гэтай галіне дзейнасці ён прысвяціў усё сваё жыццё. Значнае месца ў творах пісьменніка займаюць таксама пытанні выхавання і асветы моладзі. Развіццё сучаснага чытача-школьніка, па меркаванню Яўгена Анатольевіча, немагчыма без звароту да навукова-пазнавальнай літаратуры, якая пашырае кругагляд вучня па розных галінах навуковых і грамадскіх ведаў. Свой светапогляд пісьменнік даносіў да чытачоў праз шматлікія сустрэчы з моладдзю ва ўстановах адукацыі горада Магілёва і вобласці, выступленні на разнастайных літаратурных форумах, на якіх ён прадстаўляў родную Магілёўшчыну. У 2009 годзе Яўген Анатольевіч прыняў актыўны і выніковы ўдзел у  стварэнні помніка «Дзецям вайны».

          

Шчыра віншуем паважанага юбіляра і жадаем яму моцнага здароўя, дабрабыту, бадзёрасці духу, здзяйснення творчых задумаў.