
13.11.2023 Новости
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ірына Морых выступіла ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў аграгарадку Чарнаўчыцы.
Ірына Морых нарадзілася 7 мая ў Брэсце, вучылася ў СШ №5, пасля – у музычным вучылішчы на аддзяленні тэорыі музыкі (1965-1969). Скончыўшы яго, паступіла ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (цяпер БДАМ) на факультэт музыказнаўства, дзе вучылася з 1969 па 1974 год і паспяхова скончыла, абараніўшы дыплом на “выдатна”.
У 1974-2002 гг. працавала ў Брэсцкім музычным каледжы, дзе вяла спецкурс (тэорыя музыкі), а таксама агульныя курсы. Выкладала гармонію, методыку, сальфеджыа, кампазіцыю. Неаднаразова брала ўдзел у Міжнародных навуковых і практычных канферэнцыях са сваімі навуковымі даследаваннямі па праблемах творчага развіцця навучэнцаў, а таксама з адкрытымі ўрокамі і канцэртамі. Давала майстар-класы ў Беларусі, Польшчы (Люблін) і Германіі (Бон). У перыяд працы ў каледжы мела вышэйшую педагагічную катэгорыю, а пазней – званне “Рэспубліканскі метадыст". У 2009 годзе ўзнагароджана Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Выступала па тэлебачанні. Пастаянна публікавалася ў газетах і часопісах.
З 2002 па 2019 год працавала ў музычнай школе №1 Брэста, дзе працягнула шматгадовую працу па творчым развіцці навучэнцаў (кампазіцыя і сальфеджыа). Падрыхтавала шмат Лаўрэатаў і Дыпламантаў Міжнародных конкурсаў па кампазіцыі. У 2009 годзе была ўзнагароджана Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Аўтар кніг, выдадзеных у Брэсце, Канадзе, Санкт-Пецербургу, Мінску.
Літаратурная творчасць Ірыны Морых таксама багатая і разнастайная. Ірына Барысаўна – лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя У. Калесніка, яе творчасць адзначана дыпломамі на міжнародным узроўні. Пісьменніца выдала некалькі зборнікаў вершаў – “Сады тайных птиц” (2002, выйшаў у Брэсце і Канадзе), “Мир, достойный удивленья”(2020), “Спутник Время” (паэзія, 2022), кнігі для дашкалят “Есть у котика секрет” (2020), займальныя дзіцячыя аповесці-фэнтазі “Марго и Волшебный Экран” (2019), “Тайна магазина игрушек” (2020), “Замок Фаунтлей и дом Шаркуньи” (2021).
Госці сустрэчы адзначылі разнастайнасць тэматыкі твораў Ірыны Барысаўны, арыгінальнасць вобразаў, эмацыйнае напружанне, глыбокі сэнс у кожным радку. Створанае пісьменніцай захоплівае і прымушае задумацца, вучыць выключна добраму і светламу.
Ірына Морых ахвотна адказала на пытанні слухачоў, якія даўно сталі прыхільнікамі яе творчасці.
Па інфармацыі Брэсцкага абласнога аддзялення
Саюза пісьменнікаў Беларусі