13.11.2023 Новости
На базе школьнага аздараўленчага лагера «Дружны» ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Горкі» адбылася сустрэча «У краіне дзяцінства» з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталляй Ніканчук. На сустрэчы прысутнічалі дзеці малодшага школьнага ўзросту і іх настаўнікі.
Наталля Валянцінаўна распавяла дзецям аб неабходнасці вывучаць родную беларускую мову, размаўляць на ёй і чытаць кнігі. Яна пазнаёміла вучняў са сваімі кнігамі і прачытала ім невялікі ўрывак з новай напісанай, але пакуль яшчэ не выдадзенай кнігі для дзяцей «Сонечныя зайчыкі». «Гэта казка аб падарожжы двух сонечных зайчыкаў Які і Цёпы і хлопчыка Вовіка», – расказала аўтар.
Выклікалі цікавасць слухачоў таксама вершы: «Гульня ў рыфму», «Лянота», «Мары». Дзеці праяўлялі актыўнасць, дзяліліся сваімі планамі на будучае і марамі.
Выклікала жывы інтарэс кніга пісьменніцы «Дэльфінчык Агу». Каляровыя малюнкі з выявамі дэльфінаў, сіняга кіта, вялікай белай акулы, марской чарапахі, касатак, кашалота і іншых марскіх жывёл зацікавілі школьнікаў – яны ўважліва разглядалі малюнкі і задавалі шмат пытанняў.
Акрамя гэтага, Наталля Валянцінаўна пазнаёміла вучняў з кніжнымі навінкамі, якія паступілі ў бібліятэку. Так ёю была прадстаўлена кніга нашай знакамітай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Зорка нябесная, зорка зямная» з яе цудоўным мастацкім афармленнем, якая нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Народная асвета». Таксама пісьменніца раіла пачытаць дзецям кнігі Ціма Парвела «Эла і сябры», Вольгі Любашынай «Ружовыя мары», якія выдадзены на беларускай мове.
Доўга маленькія чытачы не адпускалі пісьменніцу, задавалі розныя пытанні, бралі аўтографы і фатаграфаваліся на памяць. Напэўна, гэта і ёсць сапраўднае пісьменніцкае шчасце – бачыць такую вялікую цікаўнасць да сваёй творчасці.
Прэс-служба Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ
Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси