Дні башкірскай літаратуры ў Беларусі


Дні башкірскай літаратуры ў Беларусі

У Мінску прадаўжаюцца Дні башкірскай літаратуры ў Беларусі. Паэты, празаікі з Уфы разам з беларускімі калегамі наведаліся ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе пазнаёміліся з экспазіцыяй гераічнай, драматычнай памяці пра гады ліхалецця, а таксама правялі круглы стол, звязаны з героіка-патрыятычнай тэмай у літаратуры. 


Размову пра супольныя адрасы ваеннай памяці распачаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь КАРЛЮКЕВІЧ. Ён нагадаў пра воінаў-башкартастанцаў, якія ваявалі на Гомельшчыне і Віцебшчыне, на Магілёўшчыне і Міншчыне, у іншых старонках нашай краіны. Кранальным атрымалася выступленне старшыні Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Башкартастан Айгіза БАЙМУХАМЕТАВА. Ён расказваў пра башкірскіх пісьменнікаў, якія ваявалі ў Беларусі. А яшчэ выклаў уласную сямейную гісторыю, распавёўшы пра дзеда, які ваяваў у нашай рэспубліцы. А пасля падобныя гісторыі расказалі і другія башкірскія паэты, празаікі... Блізкі родзіч уфімскага празаіка Святланы ЧУРАЕВАЙ загінуў у Брэсцкай крэпасці ці недзе побач з ёю. Сляды так і не знойдзены. Святлана разам са сваімі дзецьмі прыязджала і раней у Беларусь, у Брэст, пакланілася тым сценам, тым руінам, якія, відаць, трымаюць памяць і пра яе прашчура. І бацька паэтэсы Зульфіі ХАНАНАВАЙ прайшоў шляхамі вызвалення па беларускіх сцежках-дарожках. «Мо таму ў мяне такая прывязанасць да сінявокай беларускай старонкі, дзе ў мяне столькі знаёмых паэтаў, перакладчыкаў, дзе я пабывала ўжо не аднойчы», заўважыла Зульфія. З падрабязным расповядам пра баявую гісторыю 112-й Башкірскай кавалерыйскай дывізіі, якая вызваляла Мазыр, удзельнічала ў Гомельска-Рэчыцкай вайсковай аперацыі, выступў беларускі публіцыст, палітолаг, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Уладзімір МАКАРАЎ.

Не аднойчы ў час круглага стала гучала імя башкірскага паэта Зіната Куціпа (1918 — 1944), які загінуў на тэрыторыі Беларусі ў ліпені 1944 года. На вялікі жаль, месца яго пахавання невядомае. Яшчэ ў 1939 годзе Зінат Куціп выдаў ва Уфе паэтычны зборнік для дзяцей — «Вершы», куды ўвайшлі і яго творы пра барацьбу іспанскага народа з фашызмам. Несумненна, беларускія і башкірскія літаратары аказаліся адзінадушнымі ў тым, што неабходна знайсці тую брацкую магілу, дзе пахаваны паэт. А мо і варта заснаваць Літаратурную прэмію імя Зіната Куціпа для адзнакі творчасці маладых паэтаў?.. І, канешне ж, варта выдаць вершы слаўнага сына башкірскага народа ў перакладзе на беларускую мову. Як і творы іншых паэтаў, пісьменнікаў, якія ваявалі ў Беларусі. Такая кніга стане сапраўдным помнікам людзям, якія не шкадавалі сваіх жыццяў у барацьбе з фашызмам. 

Размова ў музеі набыла яшчэ болей эмацыянальны характар, калі народная артыстка Рэспублікі Башкартастан Альфія Юлчурына выканала песні пра вайну, песні ваенных гадоў. А песню пра камандзіра 112-й Башкісркай каавалерыйскай дывізіі генерала Мінігана Шаймуратава падхапілі ўсе башкірскія госці. «Шли полки башкир в атаки, / Провожал седой Урал./ Впереди — на аргамаке/ Шаймуратов-генерал...» Гэтыя словы гучалі ў сценах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і па-башкірску. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Источник: https://zviazda.by/be/news/20231012/1697090730-dni-bashkirskay-litaratury-u-belarusi