Як нейрасеткі ўплываюць на кнігавыданне


Як нейрасеткі ўплываюць на кнігавыданне

Бягучы год багаты на сенсацыйныя навіны аб дасягненнях штучнага інтэлекту, які працуе з дапамогай нейрасеткі. Песімісты паўтараюць аб замяшчэнні камп’ютарамі шэрагу прафесій.


У галіне кнігавыдання першы адчувальны ўдар атрымалі мастакі-ілюстратары. Іх канкурэнтам стала Midjourney — нейрасетка, якая ўмее ствараць карцінкі па апісанні і аб’ядноўваць некалькі малюнкаў. Пасля рэгістрацыі яна бясплатна выдае да дваццаці пяці малюнкаў. Абаненцкая плата — некалькі долараў ЗША, што непараўнальна танней для выдавецтва, чым наймаць мастака. Верагодна, маляванне ілюстрацый уручную стане справай рэдкіх прафесіяналаў высокага ўзроўню, калі будзе попыт на іх паслугі, для дарагіх, калекцыйных выданняў. 

Тым больш для аўтараў-аматараў даступны цалкам бясплатныя сэрвісы, якія забяспечваюць усіх ахвотных неабмежавай колькасцю графікі.

Распазнаванне і генерацыя тэксту доўгі час заставаліся за межамі магчымасцей штучнага інтэлекту. Але вось у сеціве з’явілася відэа з запісам лекцыі прафесара Юваля (Yuval Noah Harari) на тэму «Штучны інтэлект і будучыня чалавецтва». Вучоны заявіў: нейрасетка «хакнула» аперацыйную сістэму людзей, навучыўшыся разумець і ствараць тэксты. Ён мае на ўвазе, што камп’ютары атрымалі магчымасць уздзейнічаць на масавую свядомасць, распаўсюджваючы ў інтэрнэце тэкставы кантэнт пэўнай накіраванасці.

Гаворка ідзе пра нейрасетку ChatGPT. Па словах стваральнікаў, гэта — моўная мадэль, распрацаваная OpenAI. Яна прызначана для адказу на тэкставыя запыты і генерацыі адказаў на натуральнай мове. Сетка з’яўляецца часткай больш шырокай вобласці штучнага інтэлекту, мэта якога навучыць камп’ютары разумець і інтэрпрэтаваць чалавечую мову.

Першапачаткова настроеная на работу з англамоўным кантэнтам, сетка ChatGPT цяпер упэўнена працуе з рускамоўнымі карыстальнікамі. Ахвотныя могуць пагутарыць з чат-ботам і па-беларуску. Калі яго папракаюць у памылках, просіць прабачэння і абяцае не паўтараць іх у будучыні. Чат-бот падтрымлівае цалкам асэнсаваны дыялог. Калі не ведаць, што маеш зносіны з камп’ютарам, падазрэнне выкліча толькі залішне правільная пабудова фраз, адсутнасць граматычных памылак і высокая хуткасць з’яўлення тэксту.

Зразумела, доступ да машыннага інтэлекту спарадзіў спакусу ствараць творы мастацтва і выдаваць іх за свае. Тым больш, што сучасныя ўяўленні аб сапраўдным мастацтве досыць расплывістыя. Вясной гэтага года распаўсюдзілася інфармацыя аб выдаленні з сэрвісаў Spotify і Apple Music многіх тысяч песень, згенераваных камп’ютарамі.

Вокладка, створаная нейрасеткай

Вокладка, створаная нейрасеткай

Словы гэтых песень малазразумелыя, таму што часта з’яўляюцца выпадковымі спалучэннямі фраз, часам нават здаюцца глыбакадумнымі. Іх, напоўненых невыразнымі, расплывістымі вобразамі, нейрасеткі штампуюць у любой прамысловай колькасці, музыка таксама немудрагелістая.

Але што з прозай? Калі складана напісаць рэалістычны твор, які будуецца на арыгінальным сюжэце і не дысаніруе з рэчаіснасцю, то напрошваецца прапанова паэксперыментаваць з фантастыкай, містыкай або казкай, дзе межы дапушчальнага шырокія і размытыя.

Спрабуем самы даступны жанр, не прэтэндуючы на рэалістычнасць, а менавіта — казку. Для эксперымента, натуральна, не ўсур’ёз.
Маё пытанне чат-боту:

— Як гучала б казка пра Калабка, калі падзеі адбываліся б на Крайняй Поўначы?

Адказ AI:

Жыў-быў на Крайняй Поўначы маленькі Калабок, ён быў круглым, як шарык, і вельмі любіў катацца па снезе. Але аднойчы ён пракаціўся далёка ад дома і сустрэўся з галодным палярным мядзведзем.

— Калабок, Калабок, — крыкнуў Мядзведзь, — я цябе з’ем!

Але Калабок быў хітры і пачаў спяваць:

— Я Калабок, я Калабок, я круглы і вясёлы! Вакол свету я пракаціўся!

Мядзведзь не ўтрымаўся і пачаў танцаваць. Калабок закаціўся пад яго і пакаціўся далей…

Так Калабок і працягваў скакаць па снезе, сустракаючы новых жывёл. Але кожны раз ён знаходзіў выйсце з цяжкіх сітуацый.

Нарэшце, адзін эскімос знайшоў Калабка і прыгатаваў з яго смачны пірог. Але Калабку ўдалося выбрацца з пірага і забегчы ў дом, дзе яго чакалі новыя прыгоды.

Гэты тэкст я не прачытаю свайму чатырохгадоваму ўнуку. Аднак пагодзімся: штучны інтэлект зразумеў першапачатковы тэкст, інтэрпрэтаваў і выдаў цалкам усвядомлены вынік. Прычым гэта толькі бясплатны сэрвіс, далёкі ад максімальных магчымасцей сістэмы.

А як ідуць справы з творамі для дарослых?

Такія тэксты ўжо прапаноўваюцца. Больш за тое, часам у інтэрнэце сустракаецца нешта настолькі закручанае, што міжволі думаеш: ці аўтар ўжываў моцнадзейныя прэпараты, ці гэта прадукт машыннай творчасці, які выдаецца за чалавечы.

Амерыканскі фантаст Цім Бушэ (Tim Boucher) не ўтойвае, што выкарыстаў бясплатны ChatGPT для генерацыі тэксту і ідэй, а таксама Midjourney для стварэння ілюстрацый. 

За год зрабіў — слова «напісаў» не падыходзіць — дзевяноста сем кароткіх апавяданняў ад 2000 да 5000 слоў у кожным, затрачваючы на зносіны з сеткамі ад шасці да васьмі гадзін на кожны опус. Прадаючы прадукцыю праз інтэрнэт, амерыканец зарабіў за год дзве тысячы долараў ЗША.

Амерыканцы любяць лічыць час і грошы, прыгаворваючы: time is money (час — грошы), але Бушэ, мабыць, забыўся пра гэта. Няхітры падлік паказвае, што за гадзіну працы ён атрымаў менш за тры долары, што ніжэй мінімальнай пагадзіннай стаўкі ў ЗША за самую непрэстыжную, нізкааплатную працу, якая не забяспечвае годнае існаванне.

Сапраўднай мастацкай фантастыкі, створанай камп’ютарнымі сеткамі, пакуль яшчэ не існуе.

Пагутарыўшы з ChatGPT, прыходзіш да высновы, што машынны інтэлект вельмі далёкі ад разумнасці ў чалавечым уяўленні. Электронны суразмоўца не выдумляе нічога новага. І калі навучыць нейрасетку генерыраваць раман з усімі класічнымі элементамі сюжэта, яна рана ці позна справіцца з задачай. Але гэты тэкст будзе ўсяго толькі кампілятыўным, са шматлікімі запазычаннямі з дзясяткаў і сотняў твораў, апублікаваных у інтэрнэце на дзясятках розных моў.

На жаль, сучасная фантастыка ўсё больш нагадвае прадукцыю штучнага інтэлекту. Пасля выбуховага развіцця гэтага жанру ў СССР і ў краінах Захаду на фоне ўсплёску ракетабудавання і касманаўтыкі ў 1960-я гады, калі да чытачоў прыйшлі асноўныя сюжэты аб падарожжах да далёкіх зорак, наступіў застой. Адкрываючы новую кнігу, бачыш перапрацоўку чагосьці добра вядомага. Змяняюцца лакацыі, персанажы, але сюжэтныя хады і асноўныя фантастычныя дапушчэнні застаюцца ранейшымі, зацёртымi да дзірак.

Нескладана прадказаць, што ўжо ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе фантастам давядзецца сур’ёзна канкурыраваць не толькі адзін з адным, але і са штучным інтэлектам.

Рэалістычная літаратура, як ні парадаксальна, цяпер значна больш разнастайная, чым фантастыка, таму што само жыццё падкідвае сюжэты і калізіі, якія выдумаць складана.

Анатоль МАТВІЕНКА

Источник: https://zviazda.by/be/news/20230928/1695915501-yak-neyrasetki-uplyvayuc-na-knigavydanne