
25.09.2023 Віншуем
Любоў Мікалаеўна Красеўская нарадзілася 26 верасня 1953 года ў сяле Маісееўка Краснатуранскага раёна Краснаярскага края (Расія). Скончыла Абаканскае педагагічнае вучылішча (1972) і Санкт-Пецярбургскі гуманітарны ўніверсітэт прафсаюзаў (1990), арганізатар-метадыст культурна-асветніцкай работы вышэйшай кваліфікацыі. Працавала ў Палацах культуры гарадоў Чарнагорска і Краснаярска. З 1989 года жыве ў Брэсце. Са студзеня 2006 года па лістапад 2021 года – намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ. З’яўляецца намеснікам старшыні Брэсцкага абласнога грамадскага таварыства “Русское общество”.
Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2005 года, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі з 2009 года, Саюза пісьменнікаў Расіі з 2011 года.
З 1982 года вершы паэткі публікуюцца ў перыядычных выданнях Расіі, Беларусі i Польшчы. Удзельніца семінара маладых паэтаў Сібіры і Далёкага Усходу ў Краснаярску (1988). Актыўна супрацоўнічала з Краснаярскім і Дзіўнагорскім гарадскімі літаб’яднаннямі “Дыялог” і “Нашчадкі Ермака” (1985–1989). Друкавалася ў часопісах “Неман”, “Новая Немига литературная”, “Белая Вежа” (усе – Мінск), “Московский Парнас”, “Братина”, (Масква), “Парадный подъезд” (Санкт-Пецярбург), “Поэзия сегодня” (Варшава) і інш.
Аўтар кніг “С любовью о любви” (Брэст, 2004), “На два голоса” (Брэст, 2009), “Та самая сила” (Рязань, 2019).
Любоў Красеўская перакладае літаратурныя творы беларускіх пісьменнікаў, пераклала з польскай на рускую мову кнігу Яна Рыхнера “Изломы судьбы” (Варшава, 2016), “Письма жене в мир иной” – кнігу прозы і “Барбаре- сказке: олицетворению поэзии и красоты” – кнігу паэзіі Алксандра Наўроцкага (Варшава, 2020).
Арганізатар, сцэнарыст і рэжысёр фестываля рускай паэзіі ў Рэспубліцы Беларусь “Созвучье слов живых”, рэспубліканскага паэтычнага конкурсу “Мы рождены для вдохновения”, абласнога свята “Паэтычны вянок Брэстчыны” і інш.
У 2007 годзе атрымала літаратурную прэмію дацкага часопіса “Новы бераг” (Капенгаген, Дания). Пераможца міжнароднага конкурсу “Свет – твая калыска” (Вісбадэн, ФРГ, 2008). За кнігу паэзіі “На два голоса” стала дыпламантам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2009 года ў галіне паэзіі. Лауреат Брэсцкай абласной літаратурнай прэміі імя У.А. Калесніка ў намінацыі “Паэзія” за кнігу “Та самая сила” (Брэст, 2021).
Узнагароджана медалямі “100 гадоў славянскаму руху на землях Беларусі. 1909–2009 гг.” (2009), “За вялікі ўклад ў працу па захаванні рускай гісторыі, спадчыны і культурных традыцый за мяжой” (2012), медалём Саюза пісьменнікаў Расіі “Память России – Вера. Отечество. Честь” за правядзенне фестываляў рускай паэзіі ў Беларусі “Созучье слов живых” (2016).
БРЭСЦКАЕ АБЛАСНОЕ АДДЗЯЛЕННЕ САЮЗА ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ САРДЭЧНА ВІНШУЕ ЛЮБОЎ МІКАЛАЕЎНУ КРАСЕЎСКУЮ З ЮБІЛЕЕМ!