Астравецкія пісьменнікі прынялі ўдзел у Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі


Астравецкія пісьменнікі прынялі ўдзел  у Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі

25.09.2023                                                          Новости


АСТРАВЕЦ. 21 верасня ў раённым цэнтры адбылася Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Астравецкія чытанні-2023», прысвечаная Году міру і стваральнай працы. У насычанай праграме канферэнцыі прынялі ўдзел члены Саюза пісьменнікаў Беларусі – журналіст, празаік, публіцыст Ніна Рыбік і паэт, публіцыст Аляксандр Марозаў.

 

 

Прадстаўнічы форум экспертаў і даследчыкаў у галіне навукі і культуры быў арганізаваны Сектарам культуры Астравецкага раённага выканаўчага камітэту, Нацыянальнай Акадэміяй навук Беларусі і Астравецкай раённай бібліятэкай. У яго межах супрацоўнікі Акадэміі навук Беларусі і дакладчыкі з Астравецкага раёна прапанавалі ўвазе прысутных шмат цікавай каштоўнай інфармацыі, якая тычыцца культурна-гістарычнай спадчыны Астравецкага краю, яго прыродных рэсурсаў і шмат чаго яшчэ.

 

У ролі аднаго з дакладчыкаў выступіла і наша калега па СПБ Ніна Рыбік, якая прааналізавала газетныя публікацыі раённай газеты «Астравецкая праўда» розных гадоў. Праца вядомага ў Беларусі журналіста, пісьменніцы, двойчы лаўрэата Абласнога літаратурнага конкурсу імя Цёткі Ніны Аляксееўны Рыбік была адзначана Граматай Акадэміі навук Беларусі.  

 

Сёлета да 555-годдзя горада Астраўца раённае літаратурнае аб’яднанне «Астравецкай зямлі галасы» (кіраўнік член СПБ Аляксандр Марозаў) ініцыявала правядзенне літаратурнага конкурсу пад назвай «Радкі я прысвячаю Астраўцу». Гэтая ініцыятыва была падтрымана сектарам культуры і бібліятэчнай сістэмай раёна. Інфармацыя пра конкурс была размешчана на сайце Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ, у сацыяльных сетках, дзякуючы чаму пра конкурс даведаліся і змаглі прыняць у ім удзел не толькі жыхары Астравецкага раёна, але і творцы з іншых рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь.

 

У фінальнай частцы навукова-практычнай канферэнцыі «Астравецкія чытанні-2023» былі агучаны вынікі літаратурнага анлайн-конкурсу, прысвечанага 555-годдзю горада Астраўца «Радкі я прысвячаю Астраўцу», сталі вядомыя імёны пераможцаў.

 

 

Вельмі прыемна, што наш калега па Гродзенскім абласным аддзяленні СПБ Аляксандр Іванавіч Марозаў стаў пераможцам літаратурнага спаборніцтва ў намінацыі «Паэзія» ў сваёй узроставай групе.

 

Сярод маладых паэтаў перамагла Ксенія Іванаўна Мацкойць. Таксама вельмі прыемна бачыць сярод лаўрэатаў у намінацыі «Проза» імя кіраўніка літаратурнага клуба «Катарсіс» (Гродзенскі дзяржаўны медуніверсітэт) Віктара Іванавіча Варанца. У намінацыі «Публіцыстыка» перамагла член раённага літаб’яднання «Астравецкай зямлі галасы» Людміла Іванаўна Кухарэвіч.

 

 

Сардэчна віншуем з перамогамі і ўзнагародамі нашых калег і сяброў.

 

САЮЗ ПІСЬМЕННІКАЎ БЕЛАРУСІ

Гродзенскае абласное аддзяленне

 

www.pisateli.by

 

 

 

Больше новостей читайте в нашем телеграм-канале Союз писателей Беларуси